Увечары 6 верасня мінулага года мужчына гнаў на дарозе. Менавіта гнаў, таму што ў матэрыялах справы гаворыцца: "перавысіў дапушчальную хуткасць руху, развіўшы яе да 134,2 км/г". І гэта пры тым, што стаж кіроўцы ў яго быў меншы за два гады, а значыць, дазволеная хуткасць - не больш за 70 км/г.
А далей усе чыннікі сышліся ў адной кропцы: неасветлены ўчастак дарогі, плюс небяспечны паварот (ён, дарэчы, быў абазначаны знакам). Тут абвінавачаны не знізіў хуткасць і выехаў на правую збочыну, дзе яго занесла. Аўтамабіль апынуўся на сустрэчнай, а там сутыкнуўся з іншай машынай. Як вынік - трагедыя. Кіроўца сустрэчнага аўто атрымаў цялесныя пашкоджанні такой сілы, што памёр на месцы.
У судзе абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну і шчыра раскаяўся.
Прыгавор быў такі: 2 гады ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення, плюс на 5 гадоў пазбаўленне права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі. У дадатак ён павінен кампенсаваць маральную шкоду на карысць бацькі і маці загінулага па 80 000 рублёў кожнаму, а яшчэ ў бюджэт - дзяржаўную пошліну ў 240 рублёў.
Прысуд уступіў у законную сілу.