Жанчына вырашыла, што да яе прыйшоў кур'ер з банка, а гэта быў студэнт аршанскага каледжа па заданні ашуканцаў
Ахвярай тэлефонных аферыстаў на гэты раз стала 70-гадовая жыхарка Віцебска. Ёй патэлефанавалі з замежнага нумара. Голас на тым канцы прадставіўся юрыстам Нацыянальнага банка. Ён заявіў, што рахункі гэтай жанчыны будуць заблакаваныя з-за фінансавання тэрарызму. Адразу пасля гэтага - яшчэ адзін званок. На гэты раз ад ілжэследчага. Ён запатрабаваў "задэклараваць" зберажэнні.
Пад ціскам і пагрозамі пенсіянерка перавяла ашуканцам частку грошай. Астатняе аддала кур'еру, бо думала, што ён супрацоўнік банка. А ім быў 18-гадовы студэнт каледжа з Оршы. Ён ужо ў руках міліцыі. Хлопец прызнаўся, што гэтую "працу" знайшоў у інтэрнэце і паспеў выканаць толькі адно заданне.
У выніку пажылая жанчына страціла 115 тысяч рублёў.
Супраць хлопца з Оршы распачалі крымінальную справу за махлярства ў асабліва буйным памеры.