Інцыдэнт адбыўся на вуліцы Школьнай гарадскога пасёлка. Жыхары дома №6 пратэставалі супраць таго, што ў іх двары пілуюць бярозу. Паколькі адбывалася гэта без папярэджання, хто-ніхто не ўтрымаўся ад нецэнзурных выразаў і нават фізічнага супраціву работнікам камунальных службаў. Камунальнікі прыгразіліся падаць заяву ў міліцыю...
Усё магло б пайсці па “мірным” сцэнары, каб у сучасным беларускім грамадстве культывавалася павага да дэмакратычнага падыходу да любой праблемы. Але ж не - прыехалі людзі з піламі і знішчылі бярозу - адну з тых, што мясцовыя жыхары калісьці садзілі сваімі рукамі, ствараючы ў двары “зялёны куток”.
Гісторыя, якая можа скончыцца судом, простая да банальнасці. Адна з жыхарак дома напісала заяву, што галлё бярозы разраслося занадта блізка да яе балкона. На заяву адрэагавалі : прыехалі адмыслоўцы з лясгасу і пастанавілі, што дрэва з’яўляецца небяспечным. Маўляў, яно нахіленае, і ствол падгнілы. Аднак ні заяўніца-суседка, ні адказныя службы не ўзялі на сябе клопат патлумачыць сітуацыю абураным насельнікам дома, якіх цяпер могуць прыцягнуць да адказнасці за хуліганства.