Гаворка ішла пра тое, каб Дрыбін і ягонае наваколле ўключыць у склад Шклоўскага або Горацкага раёна – пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка. Гэта адбылося 27 сакавіка падчас сустрэчы з чыноўнікамі, якіх ён прызначыў на розныя пасады.
– Што ў вас цяпер у Дрыбіне? Колькі ў вас увогуле гаспадарак?
– У нас на сёння тры сельскагаспадарчыя арганізацыі. Плошча? Плошча 25 тысяч квадратных кіламетраў, дакладней, 25 тысяч гектараў зямлі. Гэта выключна сельскагаспадарчыя арганізацыі. Плюс яшчэ фермерскія гаспадаркі, 19 штук.
– Дык вы што, прыхільнікі далучэння Дрыбіна да Шклоўскага або Горацкага раёна?
– Асабіста я не прыхільнік далучэння.
– Ні разу гэтая тэма не абмяркоўвалася.
– Ды яшчэ як абмяркоўвалася, – выправіў прысутных Лукашэнка.
Ён таксама заявіў, што збіраецца наведаць Дрыбінскі і Горацкі раёны і азнаёміцца з сітуацыяй на месцах.
Гісторыя ўзнікнення Дрыбінскага раёна сапраўды няпростая. Яго сучасная тэрыторыя першапачаткова ўваходзіла ў склад Мсціслаўскага ваяводства ВКЛ. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай – у склад Чавускага павета Магілёўскай губерні, затым – Горацкага павета. У 1924 годзе Дрыбінскі раён быў утвораны ў складзе Аршанскай акругі. У 1931 годзе раён ліквідавалі, у 1935-м аднавілі. У 1959-м яго зноў ліквідавалі, а тэрыторыю падзялілі паміж Горацкім, Мсціслаўскім, Чавускім і Шклоўскім раёнамі.
29 снежня 1989 года Дрыбінскі раён зноў быў створаны, каб перасяліць туды людзей пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.