У Беларусі ў пачатку 2025 году, акурат перад выбарамі прэзідэнта, у чарговы раз сфальшаванымі ўладай на карысць Аляксандра Лукашэнкі, выдалі прэзэнтацыйную кнігу пра нязменнага кіраўніка дзяржавы, які не пакідае ўладу з 1994 году. Выданне напісанае па-расейску і называецца «Наш Президент». Аўтарамі кнігі, як вядома, выступілі чыноўнікі і набліжаныя да ўлады дзеячы Аляксандр Радзькоў, Наталля Эйсмант, Уладзімір Пярцоў і Аляксандр Карлюкевіч.
Бюджэтныя арганізацыі выдаткоўваюць сродкі на куплю кнігі пра Лукашэнку. Але, як аказалася, гэтага чыноўнікам замала — яшчэ гэтай вясною яны збіраюцца запісаць аўдыёкнігу па гэтым матэрыяле. Агучваць розныя раздзелы будуць розныя людзі, але ўжо вядома, што ўдзел у запісе возьме, у прыватнасці, аршанскі прадпрымальнік і прыхільнік уладаў Аляксей Талай, а таксама вядомы спявак Аляксандр Саладуха.
Праўдападобна, разам з ідэяй запісу аўдыёкнігі чыноўнікі адразу ж пралічылі, як яе «прасунуць», бо папяровую кнігу распаўсюджваюць у вядомым «добраахвотна-прымусовым» парадку. Гэтак сама паступяць і з аўдыёкнігай. Яе ўвядуць у навучанне на так званых «класных гадзінах» у школе ўжо з верасня, адпаведная пастанова ўжо чакае свайго подпісу ў Міністэрстве адукацыі. У сталічным аддзеле адукацыі падзяліліся планам — у некаторых момантах аўдыёкнігі, дзе прыводзяцца цытаты Лукашэнкі, будзе гучаць ягоны сапраўдны голас, зняты з арыгінальных відэа, на якіх ён гэта прамовіў. Будзе там у тым ліку і голас Лукашэнкі ў час мінулага наведвання Александрыі.
Ці зацікавіць гэта беларускіх школьнікаў — вялікае пытанне, аднак менавіта з культу асобы, варта думаць, выглядае «патрыятычнае выхаванне» ў вачох работнікаў Міністэрства адукацыі.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Напярэдадні ў Беларускім дзяржаўным універсітэце выступіў расеец Віктар Бут, якога беларускім студэнтам назвалі як грамадскага дзеяча і дэпутата Заканадаўчага сходу Ульянаўскай вобласці. Насамрэч, як вядома, Бут — расейскі шпіён і гандляр зброяй. Пасля вызвалення з турмы ў ЗША яго асабіста з трапу самалёта сустракаў кіраўнік Расеі Пуцін.
Што гэта мае агульнага са школьнікамі? Цяжка сказаць, але нам стала вядома пра планы ўладаў «пазнаёміць» аршанскіх вучняў з Бутам, які прыедзе ў Воршу на сустрэчу. У якую дакладна школу прыедзе гандляр зброяй, невядома, але ўжо зараз складана пралічыць наступствы такой сустрэчы. На гэты момант вядома, што Бут таксама правядзе кансультацыі з міліцыяй, і зноў жа, пакуль няясна, на якую тэму.