23 кастрычніка каля Аршанскага скрыжавання (скрыжаванне трасаў М1 і М8) быў знойдзены забіты лось. Невядомыя застрэлілі жывёлу ў бруха куляй 12 калібра. Спецыялісты ацанілі ўзрост жывёлы ў 3-4 гады і кошт у 300 базавых велічыняў. Забойцы жывёлы не знойдзены.
А ў Сененскім раёне супрацоўнікам дзяржаўнай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету пашанцавала - тут на возеры Кічына браканьераў затрымалі. Два жыхары вёскі Цыпкі рыбачылі на возеры, але не вудамі, а чатырма сеткамі. Да затрымання яны паспелі вылавіць 18 рыбінаў розных відаў агульнай вагою 16 кілаграмаў.
Па факту атручання рыбы 14 кастрычніка ў ручаі Хатынь інспекцыя прыродных рэсурсаў распачала адміністратыўны працэс супраць прадпрыемства Задняпроўскі. Нагадаем, што ў выніку патраплення ў ручай забруджаных стокавых водаў са свінагадоўчага комплексу прадпрыемства "Задняпроўскі" загінула каля 6.000 рыбаў агульнай вагою каля 455 кілаграмаў.