11-гадоваму Стасу М. з аграгарадка Якубава наклалі на зламаную левую руку тугі гіпс. І адправілі дадому. Праз некалькі дзён хлопчыка ўжо ратавалі ў віцебскай рэанімацыі. Руку давялося ампутаваць. Тугі гіпс 11-гадоваму хлапчуку быў пакладзены ў траўматалогіі...ў Оршы.
Пра падрабязнасці распавядае "Еўрарадыё":
“Стас зламаў руку ў двух месцах, калі быў у Лугаўцах у летніку. Гіпс яму накладалі ў Оршы, у траўматалогіі. Гэта быў вечар пятніцы, — згадвае Святлана Міхайлаўна, маці пацярпелага хлопчыка. — Адправілі дадому ў Якубава. Рука балела, потым пачаў мяняцца яе колер. На выхадных давялося выклікаць “хуткую”, прыехалі. Сказалі: “Чаго мы павінныя ездзіць? У яго пералом”. У “хуткую” я больш не звярталася, раз так сказалі. У панядзелак сама наняла машыну і павезла Стаса ў дубровенскую райбальніцу. Яшчэ ў Оршы сказалі, што гіпс праз некалькі дзён трэба зняць і руку паглядзець. Але ў Дуброўне доктар на гэта адрэагаваў так: “Гіпс добра накладзены, навошта яго здымаць? А колер скуры такім і павінен быць”. На тое, што ў сына тэмпература, сказалі: “Папейце ібуфенчыку. Прасіла, каб хоць паглядзелі руку. А дактары — усё нармальна ды нармальна. Так вазілі сына ў бальніцу і ў панядзелак, і ў аўторак. А ў сераду яны пабачылі чорную руку, самі спалохаліся, знялі гіпс і адправілі нас у Віцебск. А там сказалі, што позна. І дзіця руку страціла. Калі знялі гіпс — пайшоў хуткі кровазварот. Вельмі хутка развілася гангрэна. У Віцебску спачатку пра руку гаворкі не вялося — Стасу там жыццё ратавалі”.
Так на роўным месцы ў мірны час Стас страціў амаль усю левую канечнасць. Тое, што ад рукі засталося, не відаць з-пад кароткага рукаўчыка майкі. Маці Святлана Міхайлаўна вырашыла знайсці вінаватых і не спускаць ім службовага легкадумства.
“Калі Стасу аднялі руку, Следчы камітэт і міліцыя адразу пачалі разбірацца. Мне параілі пісаць скаргі, каб справу не спусцілі на тармазах, — працягвае Святлана Міхайлаўна. — Скаргі я склала ў пяць інстанцый аж да Адміністрацыі прэзідэнта. Адусюль папрыходзілі адказы. Аказалася, што дзіця з такой траўмай трэба было яшчэ на выхадных пакінуць у бальніцы. Але гэтага не зрабілі. У Віцебску мне расказалі, што гіпс сёння кладзецца рэдка, і трэба было накладаць лангету. Тады б і руку не пераціснула”.
Стас вярнуўся ў школу і спрабуе жыць па-новаму. У Мінску яму робяць спецыяльны пратэз. Упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці распачало крымінальную справу па артыкуле “Неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медработнікам”. Якія менавіта ўчынкі з усяго букету медыцынскага легкадумства прывялі да трагедыі — у гэтым следства і разбіраецца. Па згаданым артыкуле вінаватым пагражае штраф, папраўчыя працы, “хімія” ці пазбаўленне права займацца медыцынскай дзейнасцю.
Але праблема не толькі ў тым, што дактары час ад часу страчваюць канцэнтрацыю. Паспрабуй трымаць сябе ў бездакорнай форме і самаўдасканальвацца, калі зарабляеш менш за таксіста.
Натуральна, у раённых бальніцах пры такой сітуацыі ёсць сур’ёзныя праблемы з камплектаваннем кадрамі. Праблема не абышла бокам і райбальніцу Дуброўна, дзе Стасу ў ключавы момант не праверылі тугі гіпс, на які дзіця скардзілася.
“Можа быць, дзесьці і ў нас не хапае ўсіх неабходных кваліфікаваных кадраў, хоць робім усё магчымае, забяспечваем прыезджых спецыялістаў жыллём, — апісвае сітуацыю Святлана Рыжанская, намесніца старшыні Дубровенскага райвыканкама. — Маладыя дактары прыбываюць з Віцебска, два-тры гады адпрацоўваюць і з’язджаюць. Тэрапеўты і хірургі ў нас на вагу золата. Таму сёння спрабуем рабіць стаўку на сваіх. У нас 12 выпускнікоў сёння навучаюцца ў Віцебску. Хочацца спадзявацца, што вернуцца, застануцца і будуць працаваць”.
Пасля таго, што здарылася са Стасам, у Дубровенскай бальніцы правялі сваю праверку. Унутранае следства праводзілі і ў абласным упраўленні аховы здароўя, і на ўзроўні Мінздароўя.
“Такое здарэнне ў нас упершыню, — канстатуе Святлана Рыжанская. — У мяне ў самой сын, і пра гэта казаць вельмі цяжка. Напэўна, ролю тут мог адыграць і чалавечы фактар — дзесьці дактары недагледзелі. І ў Оршы, і ў Дуброўне. Часам здараецца так, што адна выпадковасць прыводзіць да трагедыі. Таму не магу навешваць на канкрэтных людзей шыльды. Спадзяемся, што праваахоўныя органы расставяць кропкі над “і”. Галоўнае зрабіць так, каб такога больш ніколі не паўтарылася”.