Найбольш яркае злачынства пра якое паведамляе прэсавая служба міліцыі - крадзёж у Талачыне каналізацыйных люкаў. Заўважана злачынства было 10 снежня. На збочыне вуліцы Астроўскага ў гэтым раённым цэнтры ў перыяд з 6 па 10 было скрадзена 8 люкаў. Кожны люк ацэнены ў больш чым мільён рублёў. Падазраваны знойдзены, ім аказаўся мясцовы жыхар 1973 года нараджэння.
У Оршы ў гэты перыяд раскрыты яшчэ больш дробны крадзёж. У дачным доміку жыхара Оршы злачынца зламаў дзверы і скраў сталярны ды слесарны інструмант. Страты ацэненыя ў 1,5 мільёны рублёў. Злачынцам аказаўся мужчына 1982 года нараджэння.
Працягваюць паступаць паведамленні пра затрыманую кантрабанду на дарогах да мяжы з Расіяй. Каля вёскі Сенцюры быў затрыманы грузавік "Мэрсэдэс" з 50.000 пачак расійскіх цыгарэт.
Калі з Расіі да нас нелегальна вязуць гатовую прадукцыю, то ў адваротным кірунку ідзе кантрабанда металаў. 16 тон лому каляровага металу затрымана ў Талачынскім раёне ў машыне пад кіраваннем жыхара Смалявічаў.