З нагоды Дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, кампанія «Gurtam» падрыхтавала відэапраект, у якім замежныя партнёры фірмы прачыталі па-беларуску верш Уладзіміра Караткевіча «Дзе мой край».
У стварэнні роліка паўдзельнічалі партнёры «Gurtam» з 32 краінаў – Ірану, Кеніі, Аўстраліі, Інданезіі, Індыі, Францыі, Швецыі, Іярданіі, ЗША, Чылі і іншых. Прадстаўніку кожнай краіны дастаўся свой радок з верша, піша "Белсат".
«Гэтым ролікам мы хацелі распавесці беларусам, што нашы дзеці ніколі не пачнуць размаўляць на мове, пакуль бацькі не пададуць ім прыклад. І калі замежнікі, многiя з якіх зусім чужыя нашай культуры, не пасаромеліся і сказалі некалькі слоў па-беларуску, чаму баімся мы? Варта ўсё ж паспрабаваць. Хаця б у гэты Міжнародны дзень роднай мовы давайце паабяцаем сабе паразмаўляць па-беларуску», – кажуць стваральнікі роліка.
Летась наш сайт размясціў відэа, на якім замежнікі славілі князя Астрожскага, які здабыў перамогу ў Аршанскай бітве 1514 года.