- Каго любіш?
- Люблю Беларусь!
- То ўзаемна.
Гэтыя словы пароля паўстанцаў 1863 года сталі эпіграфам да сустрэчы з чалавекам, які як адчувалася ў залі, любіць Беларусь не менш за каліноўцаў. Анатоль Бутэвіч - дзяржаўны і грамадскі дзеяч, былы міністр культуры і друку, дыпламат, аказаўся насамрэч вельмі адкрытым і простым чалавекам, абсалютна без наменклатурнай фанабэрыстасці і снабізму. З першых жа словаў прысутныя нібы адчулі сябе самі ў часе сярэднявечча, будучы ўцягнутыя ў атмасферу, у якой жылі і змагаліся Ягайла, Вітаўт, Радзівілы і іншыя знакавыя постаці беларускай гісторыі. Толькі разам з Анатолем Бутэвічам постаці гэтыя падаваліся зусім не міфічнымі і легендарнымі, а жывымі і блізкімі людзьмі, са сваімі слабымі і моцнымі бакамі. У гэтай атмасферы многія гістарычныя інтрыгі і цёмныя плямы, на якія гісторыкі не могуць даць адказу, падаліся зусім нескладанымі і лёгка зразумелымі нават не спецыялісту.
Уся сустрэча прайшла на адным дыханні. Напрыканцы аршанцы змаглі атрымаць новыя кнігі Анатоля Бутэвіча з асабістым аўтографам.