У кастрычніку распачнецца адборачны турнір чэмпіянату Еўропы па футболе для гульцоў, не старэйшых за 17 гадоў. Зборная Беларусі трапіла ў групу 2 з камандамі Чарнагорыі, Расеі і Кіпра. Кваліфікацыйны раўнд пройдзе ў Беларусі. Папярэдне стала вядома, што матчы прымуць Орша і Магілёў.
Расклад гульняў удакладняецца, але дакладна вядома, што 5 кастрычніка менавіта ў Оршы на Гарадскім стадыёне адбудзецца матч Беларусь - Расея.
З кваліфікацыйнага раўнду ў элітны выйдуць па 2 лепшыя каманды з кожнай групы і яшчэ 5 зборных, заняўшых 3-я месцы, якіх адбяруць па лепшых паказчыках. У элітны раўнд будуць адабраныя 32 каманды, іх разаб'юць на 8 квартэтаў. У фінальную частку Еўра, якая пройдзе ў 2016 годзе ў Азербайджане, выйдуць пераможцы групаў элітнага раўнду і яшчэ 7 камандаў сярод тых, хто заняў 2-я месцы ў групах. Будуць улічвацца матчы супраць 1-й і 3-й камандаў сваіх груп.