Аршанцы гулялі ў гасцях з камандай, якая сёлета з'яўляецца яўным аўтсайдэрам 1-й лігі. Рэчычане - відавочны прэтэндэнт на вылет у 2-ю лігу, куды пасля гэтага сезону адправіцца толькі адна каманда. Аршанцы небезпадстаўна разлічвалі на поспех, аднак дамагчыся яго не ўдалося. У матчы, асабліва ў яго другой палове, было дастаткова небяспечных момантаў каля брамаў абедзвюх каманд. Але забіць нікому так і не ўдалося.
Амаль бездакорна дзейнічалі абодва брамнікі - у адным з эпізодаў галкіпер "Рэчыцы" з самай "дзявяткі" выцягнуў мяч, адпраўлены туды са штрафнога Максімам Разумавым. Брамнік "Оршы" Яўген Гудзенка ў адным з момантаў выбіў мяч прама ў ногі нападніку гаспадароў, але праз некалькі секундаў выправіўся гераічным скачком у ногі рэчыцкаму футбалісту. Самымі напружанымі сталі апошнія хвіліны. На 90+1 хвіліне Гудзенка з вялікай цяжкасцю адбіў удар рэчычанаў. А на 90+3 хвіліне аршанцы мелі два бліскучых моманты для голу, аднак і там брамнік дзейнічаў шыкоўна.
Нічыя 0:0, супернікі набіраюць па адным пункце. Самым буйным вынікам 19-га туру стала перамога менскай "Зоркі-БДУ" над "Кобрынам" 7:0. Магілёўскі "Дняпро" нечакана прайграў на сваім стадыёне "Смалявічам" 0:2.