Афіцыйны сайт "Смаргоні" падае пасляматчавы каментар галоўнага трэнера каманды. Матч "Орша" - "Смаргонь" завяршыўся ўнічыю 1:1.
- Гульня атрымалася неадназначнай. Пасля матчу засталося шмат пытанняў і нюансаў. Вядома, мы незадаволеныя вынікам, нам патрэбна была толькі перамога. Гульню можна падзяліць на дзве часткі. У першым тайме мы згулялі слаба, хутчэй за ўсё адбілася дарога. Выехалі ў дзень матчу, праехалі больш за трыста кіламетраў. Плюс выдаленне, вядома, адыграла ключавую ролю. Яно цалкам зламала гульню. Незразумела што было ў галаве ў нашага брамніка ў тым моманце. Ён проста пакінуў каманду удзесяцёх, а хлопцы гулялі, біліся, змагаліся на полі каб дамагчыся перамогі. Ну а па другім тайме прэтэнзій да гульцоў ніякіх няма. Павінны былі выйграваць адназначна.
- Якое ўражанне пакінула сённяшняе судзейства?
- Ужо ў якім матчы ў нас узнікаюць праблемы з суддзямі. Не прызначаны пенальці ў вароты "Бярозы" у мінулым туры, напрыклад. А ў канкрэтным матчы супраць "Оршы" спадар Васілевіч нахабна забраў у каманды перамогу, не прызначыўшы стопрацэнтны пенальці ў вароты суперніка на 95-й хвіліне. Тое, што там быў пенальці, было відаць нават з верталёта. Прааналізаваўшы статыстыку гэтага маладога чалавека, які толькі з цяперашняга сезону пачаў судзіць матчы першай лігі, я так разумею, што ў нас першапачаткова не было шанцаў на перамогу. (З васьмі матчаў, якія судзіў А.Васілевіч - ніводнага! не выйгралі госці. У гэтых матчах арбітр тройчы выдаляў гульцоў, пры чым толькі каманд гасцей! Двойчы прызначаў пенальці, толькі на карысць каманд гаспадароў! - Заўвага. Прэс-служба ФК "Смаргонь"). Наогул, у апошні час у лізе па прызначаных пенальці ўзнікае вельмі шмат спрэчак. Суддзі часам дзеюць незразумела што. Складваецца адчуванне, што суддзі трэба паказаць адарваны галенастоп, каб ён прызначыў пенальці. Хоць некаторыя каманды б'юць пенальці ўпэўнена і часта асабліва на 85-х і 90-х хвілінах. Спадзяюся, што вышэйстаячыя органы Федэрацыі разбяруцца са спрэчнымі момантамі. Але ад таго, што суддзя атрымае нездавальняючую адзнаку, нам ні горача ні холадна. Ды ў нас гульцы старэйшыя, чым у "Оршы" і гуляюць у тым ліку за прэміяльныя, у кожнага сем'і, дзеці. А тут прыйшоў чалавек і як кат вырашыў лёс матчу, можна сказаць забраў грошы ў гульцоў і тры ачкі ў каманды. Магчыма яму трэба яшчэ сезон у другой лізе патрэніравацца або на абласных спаборніцтвах. Можа ранавата яго выпусцілі судзіць першую лігу?
- Матч з "Оршай" каманда пачала з двума нападнікамі. Пасля выдалення Вы пакінулі абодвух форвардаў на полі, замяніўшы гульца абароны і тым самым сталі гуляць у тры абаронцы. Як лічыце, рызыка была апраўдана?
- Адназначна лічу, што рызыка была апраўданая. Пакідаць абаронцу ў такой сітуацыі і прыбіраць нападніка было б па-дурному, так як нічыя нас не задавальняла ні ў якім разе. Таму мы прыбралі Жураўлёва і зрабілі стаўку на вопытных Крата і Крывабока, якія шмат у другім тайме дадалі і гэта было відаць няўзброеным вокам.
- Другі матч запар у заяўцы на гульню 16 прозвішчаў. У камандзе па-ранейшаму шмат траўмаваных гульцоў (Казко, Шмігера, Гігевіч, Яцкевіч), можа быць гэта стала асноўнай прычынай мінімальнай перамогі над "Бярозай" і нічыёй з "Оршай"?
- У нейкай ступені думаю так, але гэта футбол і ад траўмаў ніхто не застрахаваны. Нават калі ў нас застанецца адзінаццаць ці дванаццаць гульцоў каманда ўсё роўна будзе гуляць і змагацца за высокія месцы.