У гульні 21-га туру аршанцы выглядалі яўным аўтсайдэрам. У "Крумкачоў", паводле самых смелых падлікаў, ёсць шанцы на выхад у вышэйшую лігу, у "Оршы" адзінай задачай з'яўляецца захаванне прапіскі ў 1-й лізе, з якой каманда пакуль паспяхова спраўляецца. Аднак у гульні 13-га верасня "сіня-белыя" мелі магчымасць пазбегнуць паразы і набраць хаця б адзін пункт.
"Крумкачы" з пачатку паядынку прагназавана завалодалі ініцыятывай, але сапраўды небяспечны момант першымі стварылі футбалісты "Оршы". На 27-й хвіліне Смірноў прабіў і брамнік "Крумкачоў" Касцюкевіч з вялікай цяжкасцю дастаў мяч з-пад папярэчыны. А праз пяць хвілінаў небяспека ўзнікла ўжо ля брамы "Оршы". Моцны ўдар нападніка менчукоў з вострага вугла адбіла штанга. Пад канец тайму каманды абмяняліся ўколамі, аднак забіць не змаглі.
А вось у другім тайме гледачы пабачылі адразу тры галы. На 47-й хвіліне моцны ўдар футбаліста "Крумкачоў" Гудзенка адбіў, але пры адскоку мяча не было ніводнага футбаліста "Оршы" - Карпу ніхто не перашкодзіў згуляць на дабіванні - 1:0. На 66-й хвіліне Саколка выйшаў сам на сам з брамнікам гаспадароў, перагуляў яго і адправіў мяч у сетку - 1:1. Але радасць аршанцаў была зусім нядоўгай. Не мінула і дзвюх хвілінаў, як Карп вышэй за ўсіх скокнуў у штрафной - 2:1. Гульня і скончылася з такім лікам, хаця на апошніх хвілінах "Орша" арганізавала штурм брамы гаспадароў.