Дзявочая зборная Беларусі (U-19) выйшла ў элітны раўнд кваліфікацыйнага турніру на Еўра-2015. Усе тры матчы папярэдняга этапу яна праводзіла ў Оршы і саступіла Даніі 1:2, выйграла ў Румыніі 3:1 і Латвіі 7:0.
Футбалістка Лізавета Сяргейчык так пракаментавала матч і выхад зборнай у элітны раўнд:
Дзякуй за віншаванні. Гульня з камандай Латвіі была неблагая, добрыя перадачы былі. У латышак ёсць неблагія футбалісткі, я не сказала б, што яны слабыя. У зборная Беларусі была ўстаноўка забіваць: забіваць крайнім гульцам, забіваць абаронцам і нападнікам. Калі быць рэалістамі, то я і думала, што Данія пераможа Румынію. Датчанкі ўзроўнем не асабліва вышэй за нас, калі б мы з імі згулялі з большай самаадданасцю, вынік мог бы быць іншым.
А вось каментар галоўнага трэнера беларусак Генадзя Пашкевіча, які мае звычку даваць інтэрв'ю выключна пасля ўдалых матчаў, а пасля паразаў адпраўляе на размовы з журналістамі сваіх асістэнтаў.
Хачу скарыстацца выпадкам і падзякаваць у першую чаргу федэрацыі футбола за тое, што яна дбае пра жаночы футбол і развівае яго. Таксама хачу падзякаваць аршанцам, што датычыцца і харчавання, і пражывання, і падтрымкі на трыбунах. Колькі гледачоў - як жа нам было прыемна! І агромністая падзяка нашым дзяўчатам. Яны праявілі характар і даказалі, што не выпадкова згулялі два папярэдніх матчы. Цяпер мы ў элітным раўндзе. Пытанняў яшчэ шмат, працы над сабой. Ставім самыя максімальныя мэты. У матчы з Латвіяй хацеў паглядзець другога брамніка, але тады лік быў толькі 2:0, не рызыкнуў. Каб пахваліць кагосьці, магу пералічваць многіх. Ну вось, Шупо, якая забіла чатыры мячы ў браму латышак - хто забівае, той і лепшы, так звычайна бывае.