Беларуская спрынтарка Аліна Талай заўсёды дае змястоўныя і цікавыя інтэрв'ю. Не сакрэт, што аршанка з'яўляецца адным з найлепшых прыкладаў для сучаснай беларускай моладзі. У інтэрв'ю "Радыё Свабода" Аліна распавяла, што ўмовы для трэніровак у Беларусі лепшыя, чым у Аўстрыі, дзе яна цяпер трэніруецца; пра свае планы на наступны сезон, пра бацькоў, якія дагэтуль жывуць у звычайным інтэрнаце ў Оршы, пра родную беларускую мову, а таксама пра "Харлі Дэвідсан", які нядаўна набыла.
Мне здаецца, справа ня ў тым, у Беларусі ідзе падрыхтоўка ці па-за яе межамі. Усё залежыць ад трэнэра. Калі, прыкладам, узяць Юлю Несьцярэнку, яна стала алімпійскай чэмпіёнкай з нашым, беларускім трэнэрам. То бок, калі ўдаецца з настаўнікам утварыць тандэм, які працуе на 100%, то гэта абсалютна не залежыць ад таго, дзе ты рыхтуесься — у Беларусі, Нямеччыне, Расеі ці дзе яшчэ. Да таго ж, калі браць канкрэтна Аўстрыю і Беларусь, то ў нас умовы значна лепшыя. Я сама была зьдзіўлена, аднак у нас ёсьць два манэжы, добры стадыён, сучасны мэдычны комплекс. Так што, калі параўнаць з Аўстрыяй, мы ня толькі не адстаём, а хутчэй нават наперадзе. Я не аўстрыйка, не грамадзянка Эўразьвязу, я проста трэніруюся ў свайго настаўніка. Але не магу карыстацца паслугамі ні лекара, ні масажыста нацыянальнай каманды Аўстрыі. Толькі трэнэр, так.
Адпачатку трэнэр думаў крыху прапусьціць зімовы сэзон, але потым мы зь ім падыскутавалі і вырашылі ўсё ж бегчы на чэмпіянаце сьвету ў памяшканьнях, які адбудзецца ў Портлэндзе, ЗША. Потым будзем рыхтавацца да чэмпіянату Эўропы ў Амстэрдаме — калі не памыляюся, у чэрвені. Ну, а пасьля ўжо, спадзяюся, здарацца галоўныя старты — Алімпійскія гульні-2016.
Я да 20 гадоў жыла з мамай і татам у інтэрнаце ў Воршы, пакуль не пераехала ў Менск і не наняла кватэру. Ну, а бацькі — так, і цяпер жывуць у інтэрнаце. Чаму? Таму што няма магчымасьці пераехаць некуды яшчэ. Наколькі я ведаю, за мяжой шмат магутных кампаніяў, якія прапануюць спартоўцам рэклямныя кантракты, таксама іх актыўна задзейнічаюць спонсары. Усё гэта праходзіць праз мэдыі, праз рэкляму, тыражуецца, людзі робяцца пазнавальнымі. У нас крыху іншая сыстэма, вялікіх дывідэндаў наўрад ці атрымаеш.
Значнасьць школы вельмі высокая. Але я чула, што зараз нават гісторыя Беларусі выкладаецца на расейскай мове. Ня ведаю, можа гэта і няпраўда, але калі так, то падстава задумацца. Безумоўна, трэба, каб беларускай мовы было больш усюды, ня толькі ў школах. Вучылася ў абсалютна звычайнай школе, іншых (не на расейскай мове) там папросту няма. Адкуль валоданьне? Найперш, у мяне былі вельмі добрыя настаўнікі. І хоць практычна ўсё выкладалася па-расейску, але ж на ўроках беларускай мовы, літаратуры, гісторыі мы пастаянна размаўлялі па-беларуску. Вось гэта ўсё і адклалася. У маім выпадку ўсё пайшло са школы, ніхто адмыслова ў мяне беларускасьць не ўбіваў. У маёй сям’і размаўляюць па-расейску, але я і сама з задавальненьнем чытала беларускія творы, і мама вучыла, калі я была яшчэ зусім маленькай, чытаць на роднай мове. Усё цягнецца аднекуль адтуль. Думаю, што кожны адукаваны чалавек павінен ведаць мову. Адзінае, што з-за недахопу практыкі, на жаль, шмат што забываецца.
Я вельмі даўно марыла пра матацыкл і нарэшце ў гэтым годзе вырашыла яго купіць. Вядома, пэўнае шаленства ў гэтым прысутнічае, бо чамусьці лічыцца, што дзяўчыне такі «аксэсуар» ня вельмі пасуе. Тым ня меней я вельмі задаволеная, бо гэта надзвычай захапляе. Кожны раз, калі сядаеш на яго, зусім па-новаму адчуваеш час, прастору, свабоду. Гэта проста не перадаць!
Цалкам інтэрв'ю з Алінай Талай чытайце на сайце "Радыё Свабода".