Большая частка матчу праходзіла пад моцнай злівай, гэта выклікала шмат браку у перадачах і не такую высокую хуткасць гульні. Але матч усё адно выйшаў цікавым. "Орша" нічым не саступала суперніку, небяспечныя моманты былі ў абодвух клубаў. На 31-й хвіліне ўдар гульца "Зоркі" прыйшоўся ў штангу, а затым Аляксей Казарын ледзь не вывеў аршанцаў наперад - мяч крыху размінуўся са стойкай. На гэтым тайм не скончыўся - спачатку Разумаў не рэалізаваў выхад сам на сам з брамнікам гаспадароў Харытановічам, а літаральна за секунды да свістку на перапынак Шарыпа замыкаў прастрэл злева - побач са штангай. Так аршанцы змарнавалі шэраг магчымасцяў выйсці наперад.
У другой палове Міхаіл Бабічаў прабіў галавой - толькі абаронца "Зоркі" вынес мяч з лініі брамы. І якраз у атацы ў адказ аршанцы парушылі правілы - Русецкі рэалізаваў пенальці. Гэта і быў адзіны гол у гульні. Да канца сустрэчы аршанцы Разумаў і Знак упусцілі свае моманты, а ў канцы футбаліст "Зоркі" ледзь не скарыстаўся непаразуменнем Шарыпы і Гудзенкі і не пахаваў "Оршу". Тым не менш - 1:0 на карысць "Зоркі-БДУ".