"Сіня-белыя" на сваім полі прымалі лідэраў 1-й лігі, каманду, якая ўжо некалькі сезонаў б'ецца за патрапленне ў вышэйшую лігу. На жаль, дастойнага адпору аршанцы не прадэманстравалі. Ужо на 11-й хвіліне гарадзейцы правялі вымушаную замену з-за траўмы свайго гульца, аднак гэта ніяк не паўплывала на іх пераможны настрой. На 34-й хвіліне "Гарадзея" стварыла бліскучы момант - гулец "Гарадзеі" перагуляў аршанскага брамніка, але завалтузіўся з мячом, у выніку на дапамогу брамніку прыйшлі абаронцы. А вось заканчэнне першай паловы сустрэчы стала кашмарам для "Оршы". На 35-й хвіліне Вячаслаў Яраслаўскі адкрыў лік, а на 39-й Антон Сарока пасля розыгрышу штрафнога падвоіў яго. Але і на гэтым усё не скончылася. На 44-й "Гарадзея" злавіла гаспадароў на контрвыпадзе, і Андрэй Лясюк давёў лік да разгромнага - 0:3. Тры прапушчаныя мячы ўсяго за 9 хвілін!
У другім тайме гульня ішла больш спакойная, футбалісты "Гарадзеі" пераважна валодалі ініцыятывай, аднойчы забілі з афсайду, а на 86-й Аляксей Пятроў літаральна "занёс" чацверты мяч у сетку аршанцаў. Рэальны момант забіць быў і ў "Оршы", аднак нападнік прамахнуўся з выгоднай пазіцыі. У выніку, "Орша" саступае суперніку 0:4.