У турнірнай табліцы кобрынцы ідуць на радок ніжэй. 1-ю лігу пакіне толькі адна каманда, таму гасцявая перамога "Оршы" за тры туры да фінішу забяспечыць нашай камандзе месца ў 1-й лізе на наступны сезон, зрабіўшы яе недасягальнай для "Рэчыцы". А заадно не дазволіць "Кобрыну" наблізіцца ўсутыч.
Але ёсць істотны аргумент супраць "сіня-белых": па-першае, каманда ў гэтым сезоне ніводнага разу не перамагала ў гасцях, за выключэннем матчу на Кубак Беларусі з віцебскім "Газавіком". Па-другое, "Орша" арэндуе аўтобус, у якога дакладна прапісаныя гадзіны арэнды, таму аршанцы амаль заўсёды прыязджаюць на гасцявыя матчы незадоўга да стартавага свістку і не паспяваюць як след падысці да гульні. А Кобрын - самая далёкая паездка "Оршы" ў гэтым сезоне — адлегласць паміж гарадамі складае 511 км.
Тым не менш, лічыцца, што наша каманда вышэй класам за суперніка. У першым коле "Кобрын" не прыехаў у Оршу з-за зламанага аўтобуса, атрымаўшы тэхнічную паразу 0:3. Апошнія ж два гады матчы "Оршы" з дадзеным супернікам складваліся аднолькава. "Сіня-белыя" двойчы перамагалі дома з лікам 5:1, а ў гасцях двойчы гулялі ўнічыю 1:1.
Гульня "Кобрын" - "Орша" адбудзецца 25-га кастрычніка і пачнецца а 14:00. Сайт orsha.eu правядзе анлайн-трансляцыю з кобрынскага стадыёна.