Пасля трыўмфальнага мінулага сезону, у якім "Орша" праз 10 гадоў прабілася ў 1-ю лігу чэмпіянату Беларусі па футболе, сіня-белыя зноўку прымерылі на сябе ролю аўтсайдэра. Аднак усё ж здолелі застацца ў дывізіёне і не выляцець. Праўда, на рахунку "Оршы" так пакуль і няма гасцявых перамог - усе тры былі атрыманыя ў хатніх сценах, ды й то адна з іх - над "Кобрынам" - тэхнічная.
На матч 27-га туру якраз у Кобрын выпала ехаць аршанскай камандзе. Надзея на перамогу не спраўдзілася, але аршанцы не дазволілі суперніку наблізіцца да сябе, а галоўнае - набралі выратавальны пункт, які ў любым выпадку пакіне "Оршу" ў 1-й лізе, бо з дывізіёнам расстанецца толькі адна каманда.
На 64-й хвіліне Ўладзіслаў Знак адкрыў лік у сустрэчы, але перавага "Оршы" была нядоўгай. Ужо на 70-й хвіліне Аляксей Тхагалегаў зраўняў лік. Каманды так і скончылі паядынак - 1:1, у трэці раз за апошнія тры сезоны матч у Кобрыне завяршыўся з аднолькавым лікам.