"Іслач" прадстаўляе Менскі раён, але матчы праводзіць у самой сталіцы. Так был і на гэты раз, 8-га лістапада. "Іслач" датэрмінова выйшла ў Вышэйшую лігу чэмпіянату Беларусі, але футбалісты каманды не сталі адбываць нумар і правялі добры матч. Аршанцы ў першым тайме выглядалі не горш за суперніка, мелі некалькі момантаў для ўзяцця чужое брамы. Аднак усё скончылася няўдала.
Бліжэй да канца сустрэчы гульцы "Оршы" страцілі канцэнтрацыю і прапусцілі адразу тры мячы за 14 хвілін, такія правальныя адрэзкі здараліся з камандай ужо не аднойчы ў гэтым сезоне. На 71-й і 78-й хвілінах Аляксандр Лебедзеў, які ў свой час пагуляў за барысаўскі БАТЭ і менскае "Дынама", зрабіў дубль. А на 85-й хвіліне яшчэ адзін колішні менскі дынамавец Аляксандр Цішкевіч зрабіў лік буйным. Перамога "Іслачы" 3:0.
Састаў "Оршы": Навічкоў, Шарыпа, Бабічаў, Данілкоў (Суздальцаў, 89), Саколка, Пагодзін, Піваровіч, Знак (Раманаў, 87), Казарын (Смірноў, 75), Ганіч (Кітаёў, 70), Баравік.
З астатніх вынікаў адзначым пройгрыш магілёўскага "Дняпра" ад "Смаргоні" на сваім стадыёне 0:1. "Крумкачы" перамаглі на выездзе "Баранавічы" 2:0 і выйшлі на чыстае 3-е месца. У апошнім туры нас чакае гульня за права выступаць у Вышэйшай лізе. У Менску сустрэнуцца "Крумкачы" і "Дняпро". "Іслач" і "Гарадзея" датэрмінова пайшлі на павышэнне. "Рэчыца" датэрмінова апусцілася ў 2-ю лігу.