Міністэрства спорту і турызму Беларусі правяло атэстацыю нацыянальнай зборнай каманды па лёгкай атлетыцы. Вызначаны 51 спартовец, які прэтэндуе на паездку на Алімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанэйра. Спартоўцы падзеленыя на дзве групы ў адпаведнасці з іх магчымасцямі. У групу "А" ўвайшлі спартоўцы, шанцы якіх расцэньваюцца вельмі высока і яны здольныя прынесці Беларусі балы ў неафіцыйную класіфікацыю, заняўшы месцы з 1-га па 8-е. Такіх спартоўцаў 20 чалавек. Аршанка Аліна Талай, якая да золата чэмпіянату Еўропы ў залах дадала бронзавы медаль чэмпіянату свету на адкрытым паветры, якраз уключаная ў спіс "А".
У спіс "В" уключаліся спартоўцы, якія могуць няблага выступіць на Алімпіядзе, але пакуль наўрад ці будуць прэтэндэнтамі на медалі і месцы ў фіналах. У дадзены спіс трапіў 31 атлет, у іх ліку аршанец Віталь Парахонька, які займаецца бар'ерным спрынтам. Віталь ужо даўно вядомы ўнутры Беларусі, у 2016 годзе плануецца, што ён лепей праявіць сябе на міжнародным узроўні.