21 снежня прагледзець мультфільмы “Палёт”, “Чарга” і новы фільм “Исполнитель” cабраліся ў грамадскім цэнтры “Кола” больш за 20 магілёўцаў. Прэзентацыю праводзіў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда. Падчас прагляду анімацыйных стужак Палуда адзначыў, што дагэтуль дзяржава хавае інфармацыю датычна вынесеных смяротных прысудаў, а таксама іх выканання.
“У гэтым годзе стала вядома пра тое, што вынесены смяротны прысуд Эдуарду Лыкаву. Яго прызналі вінаватым у пяці забойствах. Мы не адмаўляем яго віны, аднак выступаем за ўвядзенне мараторыя на вынясенне смяротных прысудаў, бо ад гэтай вышэйшай меры пакутуюць не толькі злачынцы і іх родныя, аднак і суддзі, і пракуроры, і выканаўцы прысуду, якія спрычыняюцца да вынясення і выканання смяротнага выраку”, - адзначыў Андрэй Палуда.
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” паведаміў, што цывілізаваныя краіны ўжо даўно адмовіліся ад смяротнага пакарання, бо гэта не адпавядае сучасным нормам і прынцыпам маралі.
“У Беларусі ёсць каманда, якая здзяйсняе смяротныя пакаранні. Вядома, што ім дазваляецца ўжываць спіртное, каб здымаць стрэсы. Мала хто з іх дажывае да пенсіі, бо ад такой нервовай працы ў іх часта здараюцца інфаркты і інсульты. Кіраўніцтву Беларусі варта адыходзіць ад падобных сярэднявечных нормаў і станавіцца на нармальныя рэйкі цывілізацыйнага развіцця”, - кажа Андрэй Палуда.
Акрамя таго, праваабаронца праінфармаваў прысутных, што ў Беларусі смяротныя выракі выносяцца толькі мужчынам ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў.
“Исполнитель” – новая анімацыйная стужка, створаная крэатыўнай групай валанцёраў кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання". якая ставіць перад гледачамі пытанне пра тых людзей, якія часам жывуць побач з намі і пры гэтым прафесійна выконваюць сваю працу, працу “исполнителей” смяротных прысудаў.