Наш сайт ужо паведамляў, што ў вёсцы Сватошыцы Дубровенскага раёну на пажары днём загінуў мужчына. Мясцовыя жыхары распавялі падрабязнасці здарэння. Мужчына ў 37 год жыў адзін у аднапавярховым доме на дзве кватэры, не працаваў і нярэдка выпіваў. У абед пятніцы 19 лютага суседзі заўважылі, што з яго часткі дома ідзе дым, а 15-04 на пульт супрацьпажарнай службы ад суседзяў паступіў званок. Чатыры машыны пажарных вельмі хутка даехалі да Сватошыцаў, але... заблукалі ў вёсцы. Як распавялі нам вяскоўцы, машыны не былі абсталяваныя навігатарамі, а вясковыя вуліцы вельмі раскіданыя, да таго ж, прачытаць назвы вуліцаў на шыльдах дамоў амаль немагчыма.
Калі ўсё ж ратавальнікі дабраліся да месца здарэння, то патушылі полымя хутка. Здавалася, што ў хаце нікога няма і толькі цудам пад ложкам быў знойдзены яшчэ жывы гаспадар будынка. Была выклікана хуткая дапамога. Яшчэ хвілін 10-15 пасля таго, як мужчыну выцягнулі на вуліцу ён быў жывы. Але машына хуткай дапамогі дабралася да месца прыблізна праз 30 хвілін - пацярпелы яе не дачакаўся.