Урад рэспублікі падрыхтаваў праграму падтрымкі ільновытворчасці ў краіне на 2014 год. Паводле праграмы дзяржава працягне аказваць фінансавую дапамогу прадпрыемствам, якія занятыя ў ільновытворчасці. Прадугледжана тры кірункі дапамогі.
Першы кірунак - датацыі сельскагаспадарчым вытворцам. Каля 15 мільёнаў даляраў з мясцовых бюджэтаў будзе выплачана ў якасці надбаўкі прадпрыемствам, якія вырошчваюць лён за прададзеную, або накіраваную на перапрацоўку прадукцыю.
Другі кірунак - датацыі ільнозаводам. Каля 14 мільёнаў даляраў будзе выдзелена з бюджэту краіны ў якасці надбаўкі заводам за продаж валакна Аршанскаму ільнокамбінату.
Трэці кірунак - ільготнае крэдытаванне. Каля 36 мільёнаў даляраў будзе выдзелена праз "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" на мадэрнізацыю шэрагу ільнозаводаў. Сярод прадпрыемстваў, якія атрымаюць ільготныя крэдыты, называецца і Арэхаўскі ільнозавод.