На гэтым тыдні зводкі прэс-службаў МУС, УУС і МНС паведамлялі пра шэраг здарэнняў: начны пажар у кватэры па вуліцы Флёрава, у выніку якога было эвакуявана 6 чалавек, затрыманне на мяжы валютчыкаў з Оршы і Дуброўна. Але быў шэраг больш дробных здарэнняў на якія сродкі масавай інфармацыі не звярнулі ўвагі ўвогуле.
Так, у ноч з 2-га на 3-е мая невядомы абакраў аўтамабіль у Аршанскім раёне - ён правярнуў замок пасажырскіх дзвярэй і з салону выцягнуў аўтамагнітолу, навігатар ды набор ключоў. Страты ацэнены ў 3,4 мільёны рублёў.
4 мая ў міліцыю звярнуўся жыхар Талачынскага раёна, вярнуўшыся дамоў, дзе не быў з 30 красавіка, ён заўважыў, што зніклі некаторыя рэчы. Як высветлілася, невядомы злачынца адціснуў вакно і такім чынам прабраўся у дом, дзе забраў 2 пледы, 2 мабільных тэлефоны, двд-плэер і харчы. Агулам страты ацэнены ў 5,9 мільёнаў рублёў.
На трасе М1 каля вёскі Каробішча на гэтым тыдні быў затрыманы аўтамабіль "Рэно" якім кіраваў грамадзянін Казахстану 1977 года нараджэння. У аўтамабіле было знойдзена 2700 бутэлек гарэлкі і 630 бутэлек кан'яка без акцызных марак нашай краіны.
6 мая раніцай здарыўся пажар у Сененскім раёне ў вёсцы Засценак. Загарэўся дом у якім пашкоджаны дах, столь, сцены і маёмасць жыхароў. Цалкам згарэў стаяўшы побач сарай.