Як паведамляе зводка МУС, затрыманне адбылося ў ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Каля вёскі Высокае быў спынены аўтамабіль "Аўдзі" з двума мужчынамі - абодва маладыя (1987 і 1989 гады нараджэння) жыхары Івацэвіцкага раёну. У іх аўтамабіле было знойдзена 50,49 грамаў пара-мецілэфедрона.
Гэта даволі малады наркотык і таму забаронены яшчэ не ва ўсіх краінах. Ягонае ўздзеянне нагадвае ўздзеянне какаіну, але пара-мецілэфедрон значна больш небяспечны. Перш за ўсё таму, што праз некаторы час ўжыўшаму яго чалавеку падаецца, што наркотык перастае дзейнічаць і гэта правакуе яго прыняць новую дозу, пасля чаго можа наступіць перадазіроўка - ад такой перадазіроўкі ўжо памерла каля 100 чалавек у розных краінах. Акрамя таго гэты наркотык хутка прыводзіць да залежнасці і правакуе шэраг хваробаў, у тым ліку, рак, бо кепска выводзіцца з арганізму.
Супраць маладых людзей заведзена крымінальная справа, якая прадугледжвае турэмны тэрмін ад 8 да 13 гадоў.