Працяглы час каманды з Барані ў чэмпіянаце Віцебскай вобласці не было. Мясцовая каманда збіралася на Кубак Аршанскага раёну, многія футбалісты выступалі ў міні-футбольных баталіях, а пастаяннай футбольнай каманды, якая б выступала рэгулярна, доўга не было. Некалькіх матчаў за год камандзе стала не хапаць. Цяпер футбольны клуб "Барань" заявіўся на чэмпіянат Віцебскай вобласці. Хочацца верыць, што гэта стане пачаткам адраджэння бараньскага футбола, бо у часы СССР "Тэмп" з Барані паспяхова выступаў на беларускай арэне. У 1975 і 1987 "Тэмп" даходзіў да фіналу Кубка БССР, але саступаў у вырашальным матчы. Быў фіналістам Кубка сезону БССР-1988. У 1978 годзе выйграў бронзавыя медалі чэмпіянату БССР. У 1991 "Тэмп" спыніў існаванне. З таго часу Барань амаль не мела сталай каманды, якая б рэгулярна выступала.
Сёлета чэмпіянат Віцебскай вобласці будзе падзелены на дзве зоны, "Усход" і "Захад". Супернікамі "Барані" па Ўсходняй зоне стануць "Сянно", "Дняпро" (Дуброўна), "Газавік" (Віцебск), "Прамень" (Гарадок), "Бешанковічы" і "Ніва" (Талачын). У Заходняй зоне згуляюць: "Лепель", "Полацкгаз", "Глыбокае", "Мёры", "ПМЦ-Паставы", "Шаркаўшчына" і "Шуміліна".
Пачатак чэмпіянату Віцебскай вобласці запланаваны на 27 траўня.