Гульня сенненскага "Камунальніка" з талачынскай "Нівай" была прынцыповай, гарады знаходзяцца непадалёк адзін ад аднаго і было цікава высветліць, хто ж мацнейшы. Папраўдзе, інтрыга была не надта вялікай, усё ж такі каманда з Сянна дэманструе яскравы футбол, летась стала чэмпіёнам вобласці, мае моцны на сваім узроўні склад гульцоў. "Ніва" ў адрозненне ад сенненцаў самых высокіх задач не ставіць, талачынскі клуб папросту жадае праявіць сябе і выхаваць гульцоў на будучыню.
Паядынак стаў сапраўдным бенефісам нападніка "Камунальніка" Артура Талсташова. Ён забіў за матч 5 галоў і выбіўся ў лепшыя бамбардзіры групы Б, у цэлым на яго рахунку ўжо 8 галоў. На адзін менш у Яўгена Самарына з гарадоцкага "Промня". Сенненскі клуб упэўнена разграміў "Ніву" 6:0.
Гарадоцкі "Прамень" на сваім полі нечакана нават не забіў віцебскаму "Газавіку". І прайграў 0:3. Каманда з Гарадка, ударна пачаўшы чэмпіянат, пацярпела першую паразу ў сезоне. Дубровенскі "Дняпро" гуляў у гасцях з "Бешанковічамі" і зноў прайграў, на гэты раз 1:6. Дубровенцы займаюць апошняе месца ў турнірнай табліцы.