Улічваючы тое, што сенненцы выступаюць толькі на абласным узроўні – ў фактычна 4-й лізе Беларусі – параза 0:1 ад двухразовага ўладальніка Кубка краіны можа лічыцца добрым вынікам. На 53-й хвіліне прыгожы гол забіў навапалачанін Гарбачоў. Гол прадстаўлены на відэа.
У цэлым “Нафтан” пастаянна валодаў ініцыятывай, атакаваў браму суперніка, але стадыён у Бешанковічах, на якім праходзіў матч, убачыў даволі арганізаваную і старанную гульню сенненцаў. “Сянно” выбывае з Кубка Беларусі, але выбывае з высока ўзнятай галавой.
Варта сказаць і пра іншыя выпадкі, калі каманды з ніжэйшых ліг навязвалі барацьбу супернікам з Вышэйшай лігі і нават перамагалі іх. Так, “Зорка-БДУ” толькі па пенальці саступіла “Гарадзеі” пасля нічыі 0:0 у асноўны час. “Смаргонь” не пакінула шанцаў “Граніту” з Мікашэвічаў 3:0, прычым пачатак разгрому паклаў Віталь Ганіч, які яшчэ летась выступаў за “Оршу”. “Баранавічы” выбілі з Кубка бабруйскую “Белшыну” 3:2, а ГЧТ перамог “Крумкачоў” 2:1.
Сярод клубаў 1-й лігі з лікам 0:4 акрамя “Оршы” (прайгралі “Мінску”) прайграў толькі светлагорскі “Хімік”, які з такім вынікам прайграў “Слуцку”.