Сенненцы – ўладальнікі Кубка Віцебскай вобласці, дзякуючы гэтаму яны адабраліся ў Кубак рэгіёнаў. Там згуляюць сем каманд, прычым прадстаўніку Берасцейшчыны “Івацэвічам” пашанцавала – па выніках лёсавання яны, з-за няцотнай колькасці каманд, прайшлі адразу ў паўфінал. “Сянно” ў чвэрцьфінале будзе гуляць з “Рэчыцай” з Гомельскай вобласці. Яшчэ ў мінулым сезоне “Рэчыца” выступала ў 1-й лізе рэспубліканскага першынства, аднак заняла апошняе месца, у 2-ю лігу заявіцца не змагла праз фінансавыя праблемы, і з 2016 года пачала гуляць на чацвёртым узроўні айчыннага футбола, у чэмпіянаце Гомельскай вобласці, і нават узяла Кубак свайго рэгіёна.
У дзвюх іншых парах чвэрцьфіналу менскі “Энергазбыт” згуляе з “Зарой” з Круглага Магілёўскай вобласці, а яшчэ адзін менскі клуб СДзЮШАР-МТЗ-Сябар правядзе матчы з “Лівадыяй” з Дзяржынску, якая таксама як і “Рэчыца”, летась яшчэ выступала ў чэмпіянаце Беларусі, а цяпер гуляе ў першынстве Менскай вобласці. Першыя матчы ў парах адбудуцца 1-2 кастрычніка, гульні ў адказ 8-9 кастрычніка.
Гульня “Сянно” – “Рэчыца” пройдзе 2 кастрычніка ў Сянне і пачнецца а 14:00.