У Кубку рэгіёнаў выступаюць каманды-ўладальніцы кубкаў абласцей краіны. Сенненцы выступаюць у турніры як уладальнікі Кубка Віцебскай вобласці. У чвэрцьфінале ім выпала гуляць з вельмі няпростым апанентам – “Рэчыцай”, якая яшчэ летась гуляла з “Оршай” у першай рэспубліканскай лізе. Затым рэчычане сутыкнуліся з непераадольнымі фінансавымі праблемамі і пакінулі рэспубліканскі ўзровень, сёлета гуляюць толькі на першынство Гомельскай вобласці. Аднак барацьбы усур’ёз у першым матчы пары не атрымалася.
“Сянно” з самага пачатку сустрэчы распачало масіраваныя атакі на браму рэчычанаў. Тры мячы забіў Самарын, яшчэ па голе забілі Талсташоў з пенальці і Фядура. Канчатковы лік 5:0, і “Сянно” робіць на сваім полі важкую заяўку на паўфінал Кубка рэгіёнаў. Мала хто верыць, што ў Рэчыцы гаспадары возьмуць рэванш, ды яшчэ з патрэбнай ім розніцай у 6 галоў.
У іншых матчах 1/4 фіналу СДзЮШАР-МТЗ – Сябар з Менску саступіў на сваім полі “Лівадыі” з Дзяржынска 0:2, а сталічны “Энергазбыт” саступіў “Зары” з Круглага 1:2.