Каляндар фінальнага этапу чэмпіянату Віцебскай вобласці быццам адмыслова быў падгаданы так, каб "Лепель" і "Сянно" ў асабістым матчы апошняга туру вырашылі лёс залатых медалёў. Сустрэча адбылася ў Лепелі, што давала некаторую перавагу гаспадарам, затое сенненцаў задавальняла нават нічыя. У першым тайме на 17-й і 29-й хвілінах гулец "Лепеля" Носік двойчы паразіў браму сенненцаў. "Жоўта-зялёныя" ачунялі ў другой палове, аднак галявы ўкол нанеслі толькі адзін, мяч на рахунку Шацько. "Лепель" перамог 2:1 і стаў чэмпіёнам Віцебскай вобласці.
У двух іншых матчах "Шуміліна" перамагло віцебскі "Газавік" 4:2, а "Прамень" з Гарадка на сваім полі саступіў "Мёрам" 1:3. З гарадоцкай камандай звязана і вельмі скандальная гісторыя, якая разышлася ўжо далёка за межы абласнога ўзроўню. У матчы з "Шуміліна" галоўны трэнер гарадоцкага "Промня" ў незадаволенасці судзействам выбег на поле і ўдарыў кулаком у твар арбітру. За што атрымаў 2-гадовае адлучэнне ад футбола. Вось такая рэчаіснасць лакальнага футболу.