Толькі за 10 месяцаў 2016 года ў Віцебскай вобласці здарыліся 150 злачынстваў на карупцыйнай глебе, гэта на 4,8 % больш, чым за аналагічны перыяд 2015 года. Больш за ўсё выпадкаў хабарніцтва здарыліся ў сферы гандлю - 29, на адзін прыкры выпадак адстае транспартная галіна, 17 карупцыйных злачынстваў мелі месца ў сельскай гаспадарцы.
Яшчэ больш шокавы рост адбыўся ў колькасці чалавек, прыцягнутых да крымінальнай адказнасці. Калі са студзеня па кастрычнік 2015-га года перад судом за хабарніцтва адказвалі 67 чалавек, дык сёлета 109, рост амаль удвая!
Нагадаем, у Оршы асуджаны на 5 гадоў з канфіскацыяй маёмасці быў інжынер дыягнастычнай станцыі аўтобуснага парку № 3, які браў хабар марозівам ды іншымі слодычамі.
У той жа час, у статыстыцы, відавочна, не ўлічваюцца многія іншыя факты, у тым ліку звязаныя з чыноўнікамі высокага рангу. Напрыклад, дагэтуль не наступіла развязка па справе намесніка старшыні Аршанскага райвыканкама Івана Хурбатава і ягонага сына Андрэя. Іван Хурбатаў знаходзіцца пад следствам яшчэ са студзеня 2014 года, пры гэтым да гэтае пары не вядома, на якім этапе знаходзіцца следства, калі адбудзецца суд і якія новыя факты хабарніцтва з боку высокага аршанскага кіраўніцтва выявіла следства. Таямніца, схаваная ад людскіх вачэй, а тым часам менавіта гэта, як правіла, і ёсць карупцыяй у асабліва буйных маштабах.