Нагадаем, што 21-га снежня ў аршанскім парку герояў - куды ў апошнія некалькі год звозяць спісаную вайсковую тэхніку - быў усталяваны новы экспанат - танк Т-72. Ужо з назвы баявой машыны, відавочна, што да гісторыі Другой Сусветнай вайны ён дачынення не мае, як і амаль уся іншая тэхніка размешчаная ў парку прысвечаным героям той вайны. Распрацоўка гэтага танка распачалася ўжо пасля вайны і ў 1973 годзе ён быў прыняты на ўзбраенне ў СССР. Танк быў вельмі просты ў абслугоўванні і доўгі час лічыўся адным з лепшых у свеце, таму экспартаваўся ў розныя краіны-саюзнікі Савецкага Саюза. Выкарыстоўваўся ён таксама, пераважна, у канфліктах у саюзнікаў ды былых краінах Саюза: Ірак, Сірыя, Індыя, Боснія, Косава, Судан, сёняшні канфлікт ва Ўкраіне і Расійска - Чачэнская ды Расійска-Грузінская вайна. У самім СССР ён быў выкарыстаны толькі аднойчы - пры "растрэле" парламента пад час путча ў Маскве.
Для Беларусі ў складзе СССР гэта быў асноўны танк. А яго мадэфікацыя Т-72Б сёння галоўны танк які стаіць на ўзбраенні беларускага войска.
Танк, прывезены ў Оршу, па нашай інфармацыі, знаходзіўся да моманта свайго спісання ў Печах каля Барысава.