Кампанія падвыпіўшых немаладых людзей (на выгляд каля 50 гадоў) зайшла ў аўтобус №3 у Дзень абаронцаў Айчыны каля 16-40 у цэнтры. Тое, што мужчыны нападпітку, было бачна адразу - у аднаго з іх пры аплаце праезду выпала манета і ён паспрабаваў вылезці за ёй на вуліцу ў той момант, калі ўжо зачыняліся дзверы і аўтобус быў гатовы паехаць. Праўда, ад таго, каб вылезці яго стрымалі іншыя ўдзельнікі кампаніі. Аўтобус крануўся з месца, мужыкі расселіся на вольныя месцы. Адзін з іх аказаўся побач з яшчэ адным немаладым мужчынам (на выгляд каля 60 гадоў), які ўжо ехаў на гэтым месцы. Пад'язжаючы да прыпынку "Куцеенка", паміж гэтымі двума пасажырамі распачалася слоўная перапалка. У чым былі яе прычыны, сказаць цяжка - мужчыны не крычалі, лаяліся даволі ціха. Але ў выніку сваркі больш малады і яўна выпіўшы ўдарыў у галаву свайго пажылога суперніка.
Бойка ў самім грамадскім транспарце магла бы і працягнуцца, але аўтобус спыніўся на прыпынку і кампанія выйшла. Праўда, пакрыўджаны ўдарам пажылы мужчына, хацеў сатысфакцыі і пайшоў за кампаніяй на выхад. Ужо на вуліцы ён атрымаў другі ўдар па твары, ад чаго ўпаў, ударыўся галавой аб аўтобус і зваліўся пад яго колы ў той момант калі машына ўжо была гатова крануцца з месца. Калі б не ўважлівасць кіроўцы і крыкі пасажыраў, скіраваныя да яго, мужчына мог бы загінуць пад коламі транспарта. У выніку, аўтобус паехаў толькі калі пажылому мужчыне дапамаглі падняцца з-пад яго. На гэтым "разборка" і спынілася.