Дзесьці сустракаў лічбу фотаздымкаў, зробленых падчас Другой сусветнай вайны. Колькасць іх складае некалькі мільёнаў. Зразумела, не ўсе яны яшчэ ўведзены ў навуковы ўжытак. Многія захоўваюцца ў архіўных і музейных сховішчах краін, якія ўдзельнічалі ў вайне. Шмат іх знаходзіцца ў прыватных зборах. Час ад часу новыя фотаздымкі друкуюцца на старонках часопісаў, газет, кніг, выкладаюцца ў Інтэрнэце.
Першую спробу аналізу фотаздымкаў часоў нямецкай акупацыі ў Оршы зрабіла ў артыкуле “Оккупация Орши в фотодокументах 1941-1944 гг.” (“Телеком-экспресс”, 24 чэрвеня 2004 г.) колішні навуковы супрацоўнік музея гісторыі і культуры Оршы Алёна Загарэльская. Агляд новых здымкаў часоў вайны быў зроблены таксама аўтарам гэтых радкоў у публікацыі “Новае ў фоталетапісу Оршы” (“Телеком-экспресс”, 7 ліпеня 2011 г.)
Такім чынам, можна сцвярджаць, што зробленыя ў гады вайны немцамі здымкі з відамі Оршы пераўзышлі ўжо па колькасці ўвесь папярэдні фоталетапіс горада.
Вось і новыя два, змешчаныя на інтэрнэт-аўкцыёне eBay.com. Першы (здымак 1) зняты нямецкім лётчыкам з боку Дняпра.
Здымак 1.У левым верхнім куце бачна частка фабрыкі льнокамбіната, з правага боку – жылы пасёлак прадпрыемства, пабудаваны ў 1930-я гады, цяперашні пачатак праспекта Тэкстыльшчыкаў. Некалі акадэмік П. Капіца жартам заўважыў, што калі дамы ў Савецкім Саюзе прастаялі 50 гадоў, іх ужо трэба лічыць помнікамі архітэктуры. Пабудаваныя ў 1930-я-пачатку 1950-х гадоў ў стылі т.з. сталінскага ампіру, жылыя і грамадскія будынкі складаюць адметны і ўнікальны (ці не адзіны такога роду ў Беларусі) ансамбль. Даўно наспела патрэба ўнесці яго ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Але вернемся да здымкаў.
Для параўнання прыкладаю фота фабрыкі (здымак 2), зманціраванае вядомым аршанскім кінадакументалістам Эдуардам Навагонскім з кадраў кінахронікі 1930-х гадоў.
Здымак 2. Здымак 3.На другім нямецкім фота (здымак 3), магчыма, сфотаграфаваны (з захаду) Куцеінскі Свята-Успенскі праваслаўны жаночы манастыр, дакладней тое, што ад яго захавалася на той час.
На жаль, дарэвалюцыйныя здымкі манастыра не даюць ўсяго ягонага агляду (гл.: здымкі 4, 5).
Здымак 4. Здымак 5.У гады вайны, дарэчы, на тэрыторыі былога манастыра быў размешчаны нямецкі канцэнтрацыйны лагер для савецкіх ваеннапалонных, а пасля мірных грамадзян, вывезеных з прылеглых да фронту тэрыторый. Канчаткова будынкі манастара, якія перажылі ваеннае ліхалецце, былі знесены перад будаўніцтвам мікрараёна. Побач з будынкам сярэдняй школы № 20 у 2004 годзе быў усталяваны памятны знак у памяць Куцеінскага Свята-Успенскага манастыря, што існаваў некалі на гэтай зямлі.
Фотокарэспандэнт БЕЛТА Аляксандр Хітроў зрабіў летась фота мікрараёна (здымак 6) з вышыні птушынага палёту. Вось так выглядае цяпер тое месца, якое сфатаграфаваў нямецкі лётчык у 1941 годзе.
Здымак 6.Безумоўна, несумненна гістарычная і навуковая каштоўнасць апісаных вышэй фота. Было б добра, каб яны апынуліся ў Оршы. Магчыма, хто з аршанцаў набудзе згаданыя здымкі? Хай нават у прыватную калекцыю.
24.02.17
Віктар Лютынскі