Праект беларускіх аўдыёкніг паведаміў, што з’явіліся аўдыёзапісы трох кніг пісьменніка з Воршы Змітра Дзядзенкі. Кнігі агучваў Зміцер Бартосік.
Першая кніга — «Гісторыі ў прыцемках: Вуаерыст».
«Вуаерыст» гэта дэтэктыўны трылер у жанры «нуар», у якім падзеі часоў станаўлення БНР пачынаюць самым драматычным чынам уплываць на нашыя часы.
Другая кніга — «Гісторыі ў прыцемках: Яйкі птушкі Рух».
«Яйкі птушкі Рух» гэта апавяданне Змітра Дзядзенкі, поўнае таямнічай містыкі. Гісторыя, у якой стары заклён, знойдзены ў судовых дакументах часоў росквіту ВКЛ, пачынае ўплываць на лёсы сучаснікаў.
Трэцяя кніга — «Гісторыі ў прыцемках: Голем з Малой Мар’ямпольскай».
«Голем з Малой Мар’ямпольскай» гэта дэтэктыўная аповесць, дзея якой разгортваецца ў Воршы часоў пашырэння БССР. У старасвецкім доме знакамітага на ўвесь горад хірурга адбываецца забойства маладой жанчыны, сястры гаспадара дому. Але сляды забойства вядуць… у Прагу часоў Францыска Скарыны.