У заключным матчы першынства «Ворша» будзе прымаць бабруйскую «Белшыну». Для абодвух клубаў цяперашні сезон стаў няўдалым — бабруйчане не выканалі задачы па вяртанні ў Вышнюю лігу краіны, адстаўшы ад канкурэнтаў, а аршанцы не ўвайшлі ў планаваную васьмёрку.
Цяпер клубы сустрэнуцца паміж сабой у 25-ы раз. У папярэдніх сустрэчах дзве траціны — 16 — выгулялі «шыннікі», і толькі 3 аршанцы, прычым два з гэтых трох разоў яшчэ за савецкім часам. Пра гісторыю супрацьстаяння двух клубаў падрабязна напісала Радыё Аршыца.
Новая сустрэча старых супернікаў прызначаная на аршанскім гарадскім стадыёне на суботу, 23 лістапада. Пачатак, а 14-й гадзіне.