Дзве асобы ў назвах вуліц не займелі імёнаў – Валадарскі (гэта партыйны псеўданім забітага эсэрам у 1918 годзе бальшавіцкага камісара ў Петраградзе Майсея Гальдштэйна) і Шакмін. Тут ужо няправільна напісалі прозвішча аднаго з савецкіх лётчыкаў, загінуўшых пад Оршай, таму і імя не знайшлі. А трэба – Васіль Шаклеін. Дарэчы, у час акупацыі немцы перайменавалі амаль усе вуліцы ў Оршы. І толькі дзве атрымалі ўласныя імёны: як раз замест Валадарскага – Ф. Шылера і суседняя – І. Гёте. Акупанты не далі вуліцам імёнаў ні Гітлера, ні каго іншага з бонзаў Трэцяга рэйха Бальшавікі падобнай сціпласцю не вызначаліся, і дзясяткі тысяч вуліц былога Савецкага Саюза насілі (і да сёння носяць) імёны іх правадыроў і герояў – сапраўдных і міфічных. Зразумела, цяпер імёнаў класікаў сусветнай літаратуры на карце горада не знойдзеш. Затое ёсць Дзям’ян Бедны ды Фурманаў, якіх ужо і на іх радзіме не чытаюць і не памятаюць.
Сярод назваў вуліц можна знайсці і сапраўдныя тапанімічныя “шэдэўры”: ёсць, аказваецца, у нас вуліцы, якія носяць назвы 536 км Маскоўскага шляху, 537 км Маскоўскага шляху, 80 км Віцебскага шляху і 82 км Віцебскага шляху. Прыехалі...
Упэўнены, што ў Оршы ды і ва ўсіх іншых паселішчах Беларусі (за выключэннем хіба Маладзечна, дзе напачатку 1990-х гг. дзякуючы нябожчыку Г. Карпенку зніклі амаль усе савецка-камуністычныя назвы) адбудзецца некалі сапраўдная тапанімічная рэвалюцыя (падобна той, што адбываецца цяпер ва Украіне). Вернуцца з небыцця тапонімы, што склаліся гістарычна і цесна звязаныя з тапаграфіяй горада. Тут, напрыклад, я не згодны з вядомым публіцыстам і палітыкам Паўлам Севярынцам (земляком, дарэчы), які ўпэўнены, што “цэнтральная вуліца Оршы з домам-музеем Караткевіча ўрэшце будзе насіць не кляймо “Леніна”, а менавіта імя аўтара “Дзікага палявання караля Стаха”, “Каласоў пад сярпом тваім”, “Ладдзі Роспачы” і “Сівой легенды”. Па-мойму, хай яна ўсё ж застанецца Віцебскай. А аршанцы знойдуць, як яшчэ ўшанаваць славутага земляка.
Пра прапановы, якія могуць быць ажыццёўлены без вялікіх фінансавых укладанняў. Працуючы некалі ў музеі гісторыі і культуры Оршы, заказаў шыльду, на якой таксама былі пазначаны ранейшыя назвы вуліцы Леніна. Яна вісела пэўны час на будынку па вуліцы Леніна, 11. Такім чынам, можна паціху прывучаць месцічаў к спрадвечнай тапаніміке. Як гэта робіцца, напрыклад, у Магілёве на пешаходнай вуліцы Ленінскай (былой Вялікай Садовай), а з нядаўняга часу і ў Гародне. Падумалася, што першымі, хто павінен быў паставіць перад уладамі пытанне аб змене назвы вуліцы Леніна, гэта святары і вернікі размешчанай на ёй царквы прападобнага Леаніда. Бо гэта Ленін пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі неаднаразова заклікаў рашуча змагацца з царквой і яе служкамі. Колькі вядома дакументаў, дзе кіраўнік Савецкай дзяржавы ўласнаручна заклікаў знішчаць (вешаць, расстрэльваць) прадстаўнікоў рускага праваслаўнага духавенства, ды не па адным, а тысячамі!
Трэба падрыхтаваць прапановы па вяртанню старадаўніх назваў і назвы для вуліц савецкага часу, якія носяць імёны людзей, ніякім чынам не звязаных з гісторыяй і культурай ні Оршы, ні Беларусі. Нашы вуліцы павінны пазбавіцца ад імёнаў Дзяржынскага і Кірава, Свярдлова і Катоўскага, Калініна і Валадарскага, Красіна і Будзёнага ды некаторых іншых. Калі гэтыя вуліцы мелі старадаўнія назвы, іх трэба вярнуць. Зрабіўшы, хіба некалькі выключэнняў. Напрыклад, навошта нам цяпер Турэмны завулак ці Нямецкая вуліца, цяперашняя Лепяшынскага? Імя гэтага бальшавіка і педагога, які пакінуў у Оршы пра сябе добрую памяць, ды не запляміў потым сябе ганебнымі паводзінамі і злачынствамі, мяркую, трэба захаваць.
Вуліца Чарняхоўскага (былая Вясёлая).Больш пытанняў выклічуць назвы вуліц, якія атрымалі імёны герояў мінулай вайны. Мяркую, напрыклад, што вуліцы Чарняхоўскага трэба вярнуць яе ранейшую назву Вясёлая (чамусьці нашы продкі так яе назвалі). А памяць пра гэтага выдатнага палкаводца, пад камандаваннем якога войскі ІІІ Беларускага фронту вызвалілі ў 1944 годзе Оршу, ўшанаваць нейкім іншым чынам.
Спадзяюся дажыць да таго часу, калі ў маім родным горадзе з’явяцца вуліцы і плошчы, названыя ў гонар славутага полацкага князя Усяслава Чарадзея (менавіта з ім звязана першая згадка пра горад у летапісе) і аршанскага старосты Філона Кміты-Чарнабыльскага, гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага і каліноўца Ігната Будзіловіча, сусветна вядомага псіхолага Льва Выгоцкага, пісьменнікаў Барыса Ласкіна і Янкі Сіпакова, іншых шматлікіх ураджэнцаў краю, якія праславілі яго і Беларусь. Дачакаемся!
Віктар Лютынскі