Інтэрнэт-выданне "Ежедневник" чарговы раз апублікаваў топ-200 самых пасяпховых і ўплывовых бізнэсмэнаў краіны. Гэта аналаг іншых бізнэс-рэйтынгаў, але ў сувязі з асаблівасцямі вядзення бізнэса ў нашай краіне, рэйтынг не паказвае самых багатых, а ўводзіць свой паказчык "паспяховасці і ўплывовасці". У гэтым годзе ў спіс 200 асобаў не ўвайшоў аніводны бізнэсмэн з Аршаншчыны, але цалкам наш рэгіён рэйтынг не абыйшоў - чатыры з названых прадпрымальнікаў часткова маюць свае прадпрыемствы тут.
На 91-ым месцы ў рэйтынгу Аляксандар Садавой, які мае свае актывы ў Аршанскім авіярамонтным заводзе, авіякампаніі Орша Эйр, а цяпер яшчэ і ўдзельнічае ў будаўніцтве лагістычнага цэнтра ў Балбасава.
Да будучага лагістычнага цэнтра мае дачыненне і Аляксандар Зайцаў, які размесціўся на 69 месцы. Ён адзін з уладальнікаў Брэміна груп - кампанія адказная за гэты праэкт у Балбасава.
На 21 месцы размесціўся нашумелы ў мінулым годзе Яўген Баскін. Арышт па ініцыятыве КДБ не зашкодзіў яму заняць высокае месца сярод "паспяховых і ўплывовых". У Оршы яго кампанія валодае прадпрыемствам Экамол і некаторымі аб'ектамі сэрвіса.
Самае высокае месца з "паспяховых" якія маюць бізнэс у нашым рэгіёне - восьмае, яго заняў Аляксандар Шакуцін. Акрамя таго, што ў Талачынскім раёне ён валодае прадпрыемствам Амкадор-КЭЗ, ён яшчэ і ўраджэнец Аршанскага раёна.