Газета "Наша Ніва" апублікавала аналіз Ягора Марціновіча па колькасці датацыяў, субвенцыяў ды іншай фінансавай дапамогі выдзеленай рэгіёнам краіны з рэспубліканскага бюджэту ў мінулым годзе. Паводле аналізу на падтрымку рэгіёнаў у 2013 годзе было выдзелена чацвёртая частка ўсяго рэспубліканскага бюджэту - парадку 3,5 мільярдаў даляраў. Пры гэтым без прамых уліванняў засталіся толькі тры рэгіёны краіны - Мінскі, Гродзенскі і Салігорскі раёны. Ускосную дапамогу яны атрымалі наступную Мінскі - 5.164.252 даляры (29 даляраў на 1 жыхара), Салігорскі - 2.212.230 (39 на чалавека), Гродзенскі - 24.225.761 (60 на чалавека).
Пры размеркаванні месцаў у агульным рэйтынгу перш за ўсё ўлічвалася не сума датацыяў, а сума ў разліку на аднаго жыхара раёну. Такім чынам, на апошнім 118 месцы з усіх раёнаў апынуўся Дрыбінскі. на яго выдзелена 13.040.765 даляраў, што склала 1.209 даляраў на аднаго чалавека.
У такім рэйтынгу Аршанскі раён (па падліках пасля аб'яднання) глядзіцца адносна не кепска. Наш рэгіён заняў толькі 16 месца з сумай 49.311.485 даляраў, што склала 310 даляраў на год на аднаго жыхара і горада і раёна. З іншага боку, на наступны год бюджэт раёну запланаваны ў памеры, прыблізна, 100 мільёнаў даляраў. Атрымліваецца што палова бюджэту раёну прыходзіць з рэспубліканскага бюджэту, без уліку датацыяў з абласнога.
Суседнія раёны знаходзяцца ў рэйтынгу яшчэ ніжэй. Так, Талачынскі раён патрапіў на 58 месца (перадапошняе месца ў верхняй палове рэйтынгу) з 14.747.055 даляраў - 560 на аднаго чалавека. Астатнія раёны - суседзі ўсе знаходзяцца ў ніжняй частцы рэйтынгу. Шклоўскі заняў 61 месца з 16.726.035 - 582 даляры на чалавека. Горацкі - 65 месца, 27.036.511 даляраў - 597 на чалавека. Дубровенскі - 70 месца, 9.596.187 даляры - 624 на чалавека. Сененскі - 80 месца, 16.509.778 даляры - 710 на чалавека. І самае нізкае месца ў рэйтынгу атрымаў Лёзненскі раён - 94 месца, 12.957.609 даляры - 799 на чалавека.
Агулам у Беларусі сёння 118 раёнаў.