Малады гурт "Лепшы квас", лідар якога Уладзіслаў Лепяшынскі з Барані, паставіў перад сабой мэту – павялічыць аўдыторыю прыхільнікаў у 4 разы! 14 лютага гурт "Лепшы квас" запусціў праект "бітком", у межах якога музыкі плануюць сабраць на свой электрычны канцэрт, які адбудзецца 14 красавіка а 19:00 у клубе "ІЛІ", поўную залю, 200 чалавек. Клуб "ІЛІ" знаходзіцца ў Менску на праспекце Незалежнасці, 131, корпус 1.
Цягам двух месяцаў хлопцы вядуць відэа-дзённік, у якім збіраюць паказаць сябе і сваё жыццё з усіх бакоў. У кожнага прыхільніка ёсць магчымасць сачыць за жыццём гурта ў рэжыме анлайн. Большасць квіткоў на пятнічны канцэрт гурта ўжо раскупленыя. Але апошняя магчымасць трапіць на канцэрт 14-га красавіка яшчэ маецца, інфалінія +375 25 996 93 76. Больш падрабязнасцяў пра канцэрт можна знайсці на старонцы падзеі ВКонтакте. Квіткі ў дзень канцэрта будуць каштаваць 12 рублёў, папярэдне каштавалі 10 рублёў. Акрамя самога "Лепшага квасу" ў канцэрце возьмуць удзел паэт, аўтар некаторых тэкстаў гурта Алесь Сьнег і рэперы Вожык і ANGST.
Варта сказаць, што развіццё гурта "Лепшы квас" ідзе досыць імкліва, на рахунку музыкаў ужо ёсць і выступы за мяжой. Напрыклад, улетку 2016 года гурт паспяхова выступіў на міжнародным фестывалі "Зелена сцена" ў Чарнігаве (Украіна).