Нацыянальны ўкраінскі універсітэт "Астрожская акадэмія" наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літоўскай Рэспублікі ва Ўкраіне Марус Януконіс. З Паслом таксама прыехалі украінскі скульптар Алесь Сідарук і дырэктар Фонду "Карона князёў Астрожскіх" Робертас Габулас.
Падчас свайго візіту госці прадставілі выкладчыкам і студэнтам універсітэта макет надмагільнага помніка Канстанціну Астрожскаму - выдатнаму князю і палкаводцу. Менавіта пад яго камандаваннем аб'яднаныя войскі Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага 1514 года пад Оршай разграмілі войска Маскоўскага царства.
Дарэчы, менавіта ў Астрожскай акадэміі гэты макет прадставілі ўпершыню. Пасля яго прадставяць у Кіеве і Вільні. Праект рэалізуецца пры падтрымцы Літвы, у прыватнасці Фонду "Карона Князёў Астрожскіх". Акрамя Аляксея Сідарука, над макетам працаваў таксама ўкраінскі скульптар Барыс Крылоў разам з літоўскім прафесарам, загадчыкам кафедры візуальнага дызайну Клайпедскага факультэта Віленскай акадэміі мастацтваў Арунасам Сакалаускасам.
Гэта будзе дакладная копія надмагільнага помніка, вышынёй 7 метраў, якая стане не толькі скульптурным, але і архітэктурным збудаваннем. Унізе будзе размяшчацца уласна само надмагілле князя Канстанціна Астрожскага, а зверху - металічная канструкцыя, якая была на арыгінальным помніку. Надмагілле плануюць усталяваць у Кіева-Пячэрскай лаўры.
"Сімвалічна, што менавіта з Астрога мы пачалі прэзентацыю макета надмагільнага помніка Канстанціну Астрожскаму. Гэта вельмі важны горад у гістарычным кантэксце. Надзвычай прыемна мець зносіны з украінскай студэнцкай моладдзю і дыскутаваць на тэму нашай агульнай гісторыі, звязанай перш за ўсё з родам князёў Астрожскіх ", - адзначыў Марус Януконіс, яго словы перадае ўкраінскае выданне "День".
Калі ва Ўкраіне і Літве пытанне аб гістарычнай памяці пра Канстанціна Астрожскага разглядаецца на дзяржаўным узроўні, то ўлады Беларусі старанна дыстанцыяваліся ад імя вялікага князя і палкаводца, быццам не ў Оршы адбылася знакамітая бітва, быццам і не мае да беларусаў Астрожскі ніякага дачынення. На жаль, ужо больш за два дзесяткі гадоў святкаванне перамогі ў Аршанскай бітве і гістарычныя канферэнцыі на тэму асобы Канстанціна Астрожскага ў гісторыі застаюцца выключна прэрагатывай незалежных гісторыкаў, журналістаў. Улады імкнуцца лішні раз не згадваць тую слаўную перамогу. Але людзям і без уладаў атрымоўваецца ушанаваць памяць вялікага палкаводца. Напрыклад, на Крапівенскім полі на камені ёсць выява Канстанціна Астрожскага.