09:00

+5

2 м/с

1009 гПа

12:00

+5

2 м/с

1009 гПа

15:00

+6

2 м/с

1008 гПа

18:00

+6

2 м/с

1008 гПа

21:00

+6

2 м/с

1008 гПа

Орша, Культура

Дармаеды – вон з горада!

26.04.2017 18:16

4172 прагляду, 2 каментара

або як змагаліся з дармаедамі ў Оршы ў 1961 годзе

Калі ў канстытуцыі запісана, што мы маем права на працу, дык гэта не значыць, што праца, калі захоча, мае права на нас. Юз Аляшкоўскі

1961 год быў у гісторыі Савецкага Саюза адным з самых багатых на лёсавызначальныя падзеі ў грамадска-палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці краіны. Згадаем самыя важныя: першы палёт чалавека ў космас, грашовая рэформа, паспяховае выпрабаванне супербомбы на Новай Зямлі. Нарэшце, адбыўся ХХІІ з’езд КПСС, які прыняў Праграму пабудовы камунізму да 1980 года. Краіна, здавалася, навечна развіталася з таталітарызмам, калі вынеслі Сталіна з маўзалея. Па словах вядомага расійскага філосафа і пісьменніка Міхаіла Велера, гэта быў вялікі час і эпоха сапраўднага гістарычнага аптымізму.

Тагачасны плакат.

Разам з тым на шляху да светлай будучыні меліся пэўныя перашкоды. Не ўсе хацелі працаваць па-камуністычнаму, былі й тыя, хто наогул не жадаў працаваць. Вось з імі і вырашылі рашуча змагацца. 4 мая 1961 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР (нагадаю, што у той час яго ўзначальваў будучы генсек Леанід Брэжнеў) прыняў указ “Аб узмацненні барацьбы з асобамі, якія ўхіляюцца ад грамадска-карыснай працы і якія вядуць антыграмадскі паразітычны спосаб жыцця”. У адпаведнасці з ім 15 мая ўказ з ідэнтычнай назвай прыняў Прэзідыум Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. “Наша краіна пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі ўступіла ў перыяд разгорнутага будаўніцтва камунізма. Савецкія людзі з натхненем працуюць на прадпрыемствах, будоўлях, у калгасах, саўгасах, ва ўстановах, выконваюць грамадска-карысную работу ў сям’і, захоўваюць законы і паважаюць правілы сацыялістычнага супольнага жыцця, – гаварылася ў ім. – Аднак у горадзе і вёсцы ёсць яшчэ асобныя людзі, якія ўпарта не жадаюць сумленна працаваць. Такія людзі нярэдка для бачнасці ўладкоўваюцца на работу, а фактычна жывуць за непрацоўныя даходы і ўзбагачаюцца за кошт дзяржавы, за кошт працоўных, або, з’яўляючыся працаздольнымі, наогул нідзе не працуюць, займаюцца забароненымі промысламі, прыватнапрадпрыемніцкай дзейнасцю, спекуляцыяй, папрашайніцтвам, атрымліваюць непрацоўныя даходы ад эксплуатацыі асабістых аўтамашын, выкарыстоўваюць наёмную рабочую сілу і атрымліваюць непрацоўныя даходы ад дачных і зямельных участкаў, будуюць дамы, дачы на сродкі, здабытыя непрацоўным шляхам, выкарыстоўваючы для гэтай мэты незаконна набытыя будаўнічыя матэрыялы, і робяць іншыя антыграмадскія ўчынкі. У калгасах такія асобы, карыстаючыся льготамі, устаноўленымі для калгаснікаў, ухіляюцца ад сумленнай працы, займаюцца самагонаварэннем, вядуць паразітычны спосаб жыцця, падрываюць працоўную дысцыпліну і тым самым наносяць шкоду арцельнай гаспадарцы.

Тагачасны плакат.

Такое паразітычные існаванне гэтых асоб, як правіла, суправаджаецца п’янствам, маральным разлажэннем і парушэннем правіл сацыялістычнага супольнага жыцця, якія робяць адмоўны ўплыў на іншых няўстойлівых членаў грамадства. З антыграмадскімі паразітычнымі элементамі неабходна весці рашучую барацьбу да поўнага выкаранення гэтай ганебнай з’явы ў нашым грамадстве, ствараючы вакол такіх асоб абстаноўку нецярпімасці і ўсеагульнага асуджэння”.

Улічваючы шматлікія пажаданні працоўных аб узмацненні барацьбы з антыграмадскімі элементамі, Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР пастанавіў: “Устанавіць, што паўналетнія, працаздольныя грамадзяне, якія не жадаюць выконваць важнейшага канстытуцыйнага абавязка працаваць па сваіх здольнасцях, ухіляюцца ад грамадска-карыснай працы, атрымліваюць непрацоўныя даходы… або робяць іншыя антыграмадскія ўчынкі, што даюць ім магчымасць весці паразітычны спосаб жыцця, паводле пастановы раённага (гарадскога) народнага суда высяляюцца ў спецыяльна адведзеныя мясцовасці на тэрмін ад двух да пяці год з канфіскацыяй маёмасці, нажытай непрацоўным шляхам, і абавязковым прыцягненнем да працы па месцу пасялення…

Пастанова раённага (гарадскога) народнага суда або грамадскі прыгавор аб высяленні выносіцца пасля таго, калі асоба, якая вядзе паразітычны спосаб жыцця, негледзячы на папярэджанне грамадскіх арганізацый або дзяржаўных органаў, ва ўстаноўлены тэрмін не стала на шлях сумленнага працоўнага жыцця.

Пастанова раённага (гарадскога) суда ў адносінах да асобы, якая ўхіляецца ад грамадска-карыснай працы і вядзе антыграмадскі паразітычны спосаб жыцця, з’яўляецца канчатковай і абскарджанню не падлягае.

Будынак аршанскай міліцыі (1956-1987 гг.) Фота пачатку 1960-х гг.

Грамадскі прыгавор аб высяленні зацвярджаецца выканаўчым камітэтам раённага (гарадскога) Савета дэпутатаў працоўных, рашэнне якога з’яўляецца канчатковым.

Выяўленне асоб, якія вядуць антыграмадскі паразітычны спосаб жыцця, і праверка ўсіх акалічнасцей, якія адносяцца да гэтага, праводзяцца органамі міліцыі і пракуратуры па наяўных у іх матэрыялах, па ініцыятыве дзяржаўных і грамадскіх арганізацый і заявах грамадзян. Пасля заканчэння праверкі матэрыял з санкцыі пракурора накіроўваецца ў раённы (гарадскі) народны суд або на разгляд калектыву працоўных”.

Тагачасны плакат.

Пастановы раённага (гарадскога) народнага суда, а таксама грамадскія прыгаворы аб высяленні павінны былі праводзіцца ў выкананне органамі міліцыі. Тыя асобы, якія будуць ухіляцца ад працы ў месцах высялення, маглі быць пакараны папраўчымі работамі, а таксама пазбаўленнем волі.

Нарэшце, калі асоба, выселенная паводле пастановы суда або паводле грамадскага прыгавору, прыкладнымі паводзінамі і сумленнымі адносінамі да працы дакажа сваё выпраўленне, яна пасля заканчэння не менш палавіны тэрміну высялення можа быць датэрмінова вызвалена.

Трэба дадаць, што 1 красавіка 1961 года быў уведзены ў дзеянне новы Крымінальны кодэкс БССР 1960 года, таму ў яго адразу прыйшлося ўносіць адпаведныя змены. “Неабходна таксама мець на ўвазе, – зазначае беларускі правазнаўца А. Вішнеўскі, – што КК 1960 г. прымаўся ў перыяд шырокага распаўсюджвання суб’ектывісцкай тэндэнцыі – у найкарацейшы тэрмін пакончыць са злачыннасцю ў СССР, таму многія змяненні ў ім былі выкліканы неабходнасцю выпраўлення ўплыву гэтай тэндэнцыі”.

Нават ў Дзень Перамогі галоўная турбота – кукуруза.

Пра тое, як пачалі змагацца з дармаедамі на Аршаншчыне, можна даведацца, пагартаўшы падшыўку мясцовай газеты “Ленінскі прызыў” – органа Аршанскага гаркама КПБ, гарадскога і раённага Савета дэпутатаў працоўных – за 1961 год. Нельга сказаць, што газета была сапраўдным люстэркам тагачаснага жыцця. Большая частка газетнай плошчы адводзілася пад асвятленне ўдарнай працы прадпрыемстваў горада і раёна. А на той час, калі пачытаць, дык самай важнай справай было кукурузаводства. Здавалася, што “царыца палёў” стала ледзь не першым хлебам для нашых людзей.

Яшчэ хочацца адзначыць, што ўсе матэрыялы – ад афіцыйных паведамленняў ТАСС да рэкламных аб’яў – друкаваліся выключна на беларускай мове, хоць у краіне шпарка ішла русіфікацыя (бо жыхары будучага камуністычнага грамадства мусілі размаўляць на “общепонятном языке“). Цяпер жа ў спадкаемцы “Ленінскага прызыву“ “Аршанскай газеце” акрамя назвы ды слоў Ул. Караткевіча бывае ніводнага артыкула па-беларуску не знойдзеш. Хоць і жывем цяпер у суверэннай краіне…

Але вернемся да нашай галоўнай тэмы. Яна ў асноўным асвятлялася ў кутке сатыры і гумару “Мятла” ды ў рубрыцы “З рэдакцыйнай пошты”. Што цікава, газета, распавядаючы пра заганы тагачаснага жыцця і не лепшых сваіх суграмадзян, не хавала сапраўдныя прозвішчы ні аўтараў крытычных допісаў, ні іх “герояў”.

Вось артыкул “Новая разнавіднасць… спекулянтаў”, які падпісаны начальнікам пашпартнага стала І. Новікавым. “Да гэтага часу былі вядомы спекулянты дражджамі, рознымі хусткамі, сланечнікам, самагонам (чаго толькі не было ў дэфіцыце ў краіне перамогшага сацыялізму? – В.Л.). – пачынае аўтар свой фельетон. – Зараз выявілася новая разнавіднасць тых, хто не працуе, а есць: паявіліся спекулянты…прапіскай”. Далей ён распавядае, як гаспадары прыватных пабудоў выкарыстоўваюць залішнюю жыллёвую плошчу для гандлю прапіскай. І за гэта спаганяюць грошы (4-6 руб. у месяц) і з кватарантаў, якія плацілі яшчэ і квартплату, і з тых людзей, якім проста трэба была прапіска ў горадзе, а жылі яны ў іншых месцах. Аўтар называе прозвішчы спекулянтаў – гаспадароў дамоў па вуліцах Някрасава, Маякоўскага, Чарняхоўскага і іншых. “Хочацца папярэдзіць грамадзян, каб не траплялі ў лапы вышэй паказаных “дабразычліўцаў”. – заключае начальнік пашпартнага стала. – Не аддавайце ім свае заробленыя працай грошы. Яны ашукаюць вас. Пытанні прапіскі трэба вырашаць асабіста, законным шляхам, а не праз цёмных дзялкоў”.

Наступны матэрыял падпісаны паравозным машыністам Г. Вязоўскім. У ім аўтар таксама гнеўна абрушваецца на прыватных домаўладальнікаў, якія “у тры дорага бяруць за здаваемую ў арэнду залішнюю жыллёвую плошчу і нярэдка ператвараюцца ва ўяўных спекулянтаў, якія жывуць на непрацоўныя даходы”. Пад агонь крытыкі трапіў гаспадар дома № 16 па вуліцы Чыгуначнай нейкі Этынгоф, “які жыве ў Маскве, дзе мае добрую кватэру. Па звестках ёсць у яго і дача ў Бердзянску. А сваё аршанскае ўладанне прадпрыймальны дзялок здае ў арэнду кватарантам за плату 35 рублёў. Што ні месяц – жывыя грошы і аніякай працы! На прысядзібным участку 0,20 гектара свабодна можна было б паставіць яшчэ два дамы, але Этынгоф не жадае добраахвотна адмовіцца ад смачнага кавалка ў Оршы”. Напрыканцы неабыякавы машыніст заклікае: “Наспеў час скараціць спекуляцыйныя апетыты Этынгофа і падобных яму аматараў лёгкай нажывы, пазбавіўшы іх крыніц непрацоўных прыбыткаў. Разам з тым было б справядліва, каб кватэрная плата ў прыватных дамах бралася па існуючых камунальных стаўках. Хопіць ужо несумленным дзялкам нажывацца на нашых часовых цяжкасцях!” На жаль, кватэрнае пытанне за ўсе гады савецкай улады так і не было вырашана, а перададзена “у спадчыну” незалежнай Беларусі. Праўда, здаецца, гэтыя “часовыя цяжкасці” ніколі ў нас не скончацца…

Бадай, самай сур’ёзнай публікацыяй на тэму дармаедства і яго наступстваў была невялічкай заметка “Дармаедаў – вон з горада!” (з пісьма ў рэдакцыю), змешчаная 24 жніўня ў кутку “Мятла”. Прывяду яе цалкам: “Аршанскі гарадскі народны суд пад старшынствам А.Ф. Чараднічэнкі разгледзеў справы Д.М. Апета і М.І. Шчаглова, якія працяглы час ухіляліся ад грамадска-карыснай працы і вялі антыграмадскі паразітычны спосаб жыцця. Кожны з іх быў ужо судзімы па некалькі разоў, але не пажадаў сумленна працаваць. Пастановай нарсуда дармаеды прыгавораны да высялення з Оршы ў спецыяльна адведзеную мясцовасць на працяглы тэрмін”.

Бывалі дні – гулялі мы. Малюнак С. Іванова.

Як цяпер вядома, кампанія барацьбы з дармаедамі асаблівых станоўчых вынікаў не прынесла, хаця артыкул пра дармаедства праіснаваў у крымінальным кодэксе 30 гадоў (да прыняцця ў красавіку 1991 года закона “Аб занятасці насельніцтва”, які адмяніў крымінальную адказнасць за дармаедства і легалізаваў беспрацоўе). Згодна статыстыцы, колькасць асуджаных па артыкулу за дармаедства ў агульнай колькасці асуджаных па былой краіне Саветаў была параўнальна невялікай – у пачатку 1980-х гадоў усяго 6-7%. На пэўны час пра паняцце дармаедства нават забыліся. І толькі ў апошні час яно зноў стала ў беларускім грамадстве надзвычай актуальным і выклікае самыя супярэчлівыя пачуцці і меркаванні. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Віктар Лютынскі

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: Дармаеды – вон з горада!

або як змагаліся з дармаедамі ў Оршы ў 1961 годзе

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение