Міліцыя закупіць новыя беспілотнікі для кантролю сітуацыі ў рэгіёнах. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Беларусь-1" паведаміў міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч. Па ягоных словах, "агрэсіўнасць навакольнага асяроддзя сёння вельмі высокая", а таму міліцыя ніяк не можа абысціся без развіцця сваёй беспілотнай авіяцыі і павялічыць парк такіх апаратаў. Таксама Шуневіч сказаў: "Беспілотнік дапамагае міліцыі вырашаць шмат тактычных і практычных задач – гэта выяўленне без вестак зьніклых, тых, хто заблукаў, выкрадзенага транспарту".
Так яно так, але міністр забыў узгадаць, якія яшчэ задачы дапамагае вырашыць беспілотнік. Гэта - разгон масавых акцый пратэсту, у тым ліку і абсалютна мірных. Пры гэтым падчас "Маршу недармаедаў" у Оршы 12-га сакавіка ўжо выкарыстоўваўся беспілотнік. Заўважаны ён быў таксама і ў Бабруйску. Закупляцца беспілотнікі для міліцыі будуць з бюджэтных грошай, фактычна на грошы падаткаплацельшчыкаў.