Цяпер "выбарка" зроблена на больш абмежаванае кола людзей, на прадпрымальнікаў. Яны падвяргаліся ціску і раней, аднак моцных пратэстаў супраць увядзення новых патрабаванняў не было з-за адсутнасці зладжанай грамадскай супольнасці. Прадпрымальнікі не заўсёды падтрымлівалі іншыя катэгорыі людзей, якія падвяргаліся ціску, а тыя, у сваю чаргу, пакідалі ІП права самім вырашаць праблемы. Аднак на хвалі пратэстаў, якія пракаціліся па краіне і, у прыватнасці, па Оршы, грамадская салідарнасць больш верагодная. Пра новыя захады ўладаў Беларусі па "выкачванні" грошай з людзей, піша "Салідарнасць":
Пасля няўдалай спробы сабраць "трохі" грошай у бюджэт з "дармаедаў", якая давяла да масавых пратэстаў, улады ўзяліся за іншую групу насельніцтва - прадпрымальнікаў.
З 1 красавіка прадстаўнікам малога бізнэсу таксама пачалі прыходзіць "лісты шчасця" - ад іх патрабуюць заплаціць збор у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Прычым, па зноў вельмі хітрай схеме.
Нават калі прадпрымальнік не вёў ніякай дзейнасці ў 2016 годзе, ён павінен заплаціць дзяржаве падатак - звыш 950 рублёў. Акрамя таго, калі беларус, зарэгістраваны ў якасці ІП, хаця б на дзень пратэрмінаваў аплату збору, дзяржава выпісвае яму штраф - і праз суд дадае яшчэ 10-20% ад нявыплачанай сумы.
Як распавяла адна з супрацоўніц ФСАН у размове з карэспандэнтам "Салiдарнасцi", указанне штрафаваць усіх запар прыйшло "зверху". Жанчына таксама дадала, што сёлета суды заваленыя адміністрацыйнымі справамі ў дачыненні да іпэшнікаў. - Штрафаў проста мора сіняе, у мінулым годзе такога не было - прызналася яна.
Збор і штрафы прыйдзецца заплаціць нават беспрацоўным беларусам, якія зарэгістраваліся ў выглядзе прадпрымальнікаў, каб знайсці хоць нейкую падпрацоўку. Пад ударам апынуліся і сезонныя работнікі, якія зарэгістравалі ІП, каб працаваць афіцыйна.
Нешта падказвае, што простыя беларусы наўрад ці выйдуць на плошчы сваіх гарадоў, каб абараніць беларускіх іпэшнікаў, а значыць - чыноўнікі атрымліваюць добрую магчымасць "даіць" самую ўразлівую частку беларускага бізнэсу. Прычым, без лішняга шуму.
Самае сумнае, што пад ціскам уладаў прадпрымальнікаў становіцца ўсё менш. Да прыкладу, па дадзеных на 1 лютага за год колькасць зарэгістраваных ІП у Беларусі скарацілася на 19,8 тысяч. А ў сітуацыі, калі ў краіне фактычна знікае малы бізнес, аб выхадзе з эканамічнага крызісу казаць не прыходзіцца.