Невядомыя злачынцы наведалі месца масавых рэпрэсій пад Оршай на Кабыляцкай гары. Каля каменю ў памяць бязвінна расстраляных камуністычнай уладай стаіць крыж з шыльдай у памяць аб Тарэнце Шушкевічы. Шыльду ўсталяваў ягоны ўнук Валадар Шушкевіч, які неаднаразова прыязджаў на Кабыляцкую гару з Лепеля, у тым ліку са сваім сынам Алегам. Тарэнта Шушкевіч быў запісаны ў польскія шпіёны, што запісана і на шыльдзе. Але невядомым вандалам закарцела зламаць цынкавую таблічку і пагнуць яе. Часткова шыльда захавалася, але частка знішчана. Убачыўшы пагнутую таблічку, актывісты параўнялі яе, але ўсё адно гэта сумнае відовішча.
Вандалы-неакамуністы часта наведваюць мемарыялы ў памяць палеглых ад бальшавіцкіх рэпрэсій. Такім жа нахабным спосабам у свой час ламаліся крыжы ў лесе на Магілёўскай шашы, што на іншым баку Оршы, у Курапатах пад Менскам неаднаразова ламаліся крыжы і з'яўляліся надпісы абразлівага зместу, а таксама маляваліся сімвалы таталітарных рэжымаў - свастыка і серп з молатам.
ДАРЭЧЫ. Калі вам ёсць, што распавесці пра сталінскія рэпрэсіі, то вы можаце напісаць свае кантакты і каротка апісаць гісторыю, якую гатовыя распавесці на адрас нашага сайта: [email protected]. Валанцёры звяжуцца з вамі і дамовяцца на запіс у зручны для вас час.