Прэмія Гедройца ці не самая прэстыжная літаратурная прэмія краіны, якая ўручаецца штогадова. Прынамсі, самая заўважная: некаторыя букмекерскія канторы нават прымаюць стаўкі на тое, хто атрымае галоўную ўзнагароду. Прэміяй узнагароджваецца лепшая кніга па меркаванні журы, якая была выдадзена ў папярэднім годзе. Сярод тых хто атрымліваў прэмію ў апошнія 6 гадоў, Уладзімір Някляеў, Павал Касцюкевіч, Ігар Бабкоў і г.д.
Рэдкі выпадак, калі ў спіс намінантаў прэміі аўтары патрапляюць двойчы. Гэты рэдкі выпадак адбыўся з аршанскай пісьменніцай Палінай Качатковай (Сцепаненка). Першы раз Паліна патрапіла ў так званы "лонг-ліст" прэміі ў 2012 годзе за зборнік апавяданняў "Матылі", а ў гэтым годзе ў спіс увайшла кніга "Гняздо-2". Гэты зборнік апавяданняў быў выпушчаны ў мінулым годзе і на першую прэзентацыю сабраў вялікую колькасць літаратараў і крытыкаў. Прычым як даніна павагі малой радзіме, першая прэзінтацыя кнігі адбылася ў вёсцы Стаўры Аршанскага раёна (дзве наступныя — ў сталіцах Беларусі і Літвы). Паліна Качаткова сёння самая вядомая з сучасных пісьменнікаў Аршаншчыны. Сярод іншых аршанскіх пісьменнікаў у лонг-ліст прэміі патрапляў толькі Зміцер Дзядзенка, у мінулым годзе за кнігу "Гісторыі ў прыцемках".
У жніўні журы прэміі абвесціць так званы кароткі спіс намінантаў, у якім застануцца 6 прэтэндэнтаў на галоўны прыз, далей спіс скароціцца да 3-ох чалавек, з якіх і будзе абраны лаўрэат.