У горадзе Плёс Іванаўскай вобласці Расеі пройдзе ХІІ расейскі фестываль моды "Плес на Волге. Льняная палитра". Ён адбудзецца з 14 па 16 ліпеня. Фактычна, гэта адзіны ў Расеі летні фестываль моды. Сёлета на яго чакаецца каля 5 тысяч гасцей. Арганізатарам фестывалю выступае іванаўская абласная грамадская арганізацыя Клуб "Деловая женщина". Цікава, што ў фестываля знаны прэзідэнт - Народны мастак Расеі, прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі індустрыі моды Вячаслаў Зайцаў. Іванава - яго родны горад.
У гэты раз на фестывале будуць паказаныя 42 калекцыі. Акрамя мадэльераў з розных куткоў Расеі, на фестываль прыедуць і калекцыі з Казахстана і Беларусі. Нашу краіну прадставяць Орша, Пінск і Магілёў. А яшчэ на фестываль прыедуць мадэльеры з самаабвешчанай непрызнанай у свеце Данецкай народнай рэспублікі (ДНР).
У рамках фестывалю адбудзецца выстава "Валагодскія карункі" і персанальная выстава Народнага мастака СССР Аркадзя Пластава. Як паведамляе дырэкцыя фестывалю, будзе арганізаваны семінар мадэльераў і дызайнераў на тэму "Выкарыстанне традыцый у сучасным касцюме".